pdf

КЛІЧАЎСКІ АПЕРАТЫЎНЫ ЦЭНТР

Дата стварэння: 14.04.2023 11:08:59

Дата змены: 11.09.2024 14:13:51


КЛІЧАЎСКІ АПЕРАТЫЎНЫ ЦЭНТР

Тэкст песні «Клічаўская партызанская».

КЛІЧАЎСКІ АПЕРАТЫЎНЫ ЦЭНТР

Радыёграма, у якой Г. К. Жукаў ад імя Ваеннага савета Заходняга фронту віншуе партызан з выхадам з акружэння. Жнівень 1942 г.

Клі́чаўскі аператы́ўны цэнтр

Орган кіраўніцтва Клічаўскім партызанскім злучэннем, якое дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Магілёўскай вобласці (на захад ад р. Дняпро) і некаторых суседніх раёнаў іншых абласцей у час Вялікай Айчыннай вайны.

Склаўся ў ходзе баёў партызан за вызваленне Клічаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Арганізацыйнае афармленне пачалося 3 красавіка 1942 г.: камандаванню партызанскага атрада 208‑га імя I. В. Сталіна былі падпарадкаваны 128‑ы, 277‑ы, 620‑ы, 752‑і і 760‑ы атрады; створана Клічаўскае партызанскае злучэнне. У ліпені 1942 г. дзейнасць злучэння санкцыянаваў Ваенны савет Заходняга фронту, 2 верасня 1942 г. паводле распараджэння Цэнтральнага штаба партызанскага руху камандаванне злучэння вызначана як Клічаўскі аператыўны цэнтр. Гэта назва пашырылася і на злучэнне. На працягу 1942 г. у злучэнне ўключаны атрады, якія раней дзейнічалі асобна, і створаны новыя ў яго складзе (у парадку стварэння): 525‑ы, 61‑ы, 345‑ы, 537‑ы, 255‑ы, 113‑ы, 600‑ы, 210‑ы, 425‑ы, 810‑ы, 152‑і, 121‑ы, 120‑ы, 130‑ы, 115‑ы і 100‑ы.

У лістападзе 1942 г. атрады зведзены ў 6 брыгад: 1‑ю, 2‑ю, 4‑ю і 5‑ю Клічаўскія, 3‑ю Бярэзінскую, 6‑ю Магілёўскую. У лютым — сакавіку 1943 г. у склад Клічаўскага злучэння ўключаны 1‑я Асіповіцкая, 8‑я Рагачоўская, 9‑я Кіраўская і 10‑я Журавіцкая партызанскія брыгады. Клічаўскі аператыўны цэнтр на пачатак красавіка 1943 г. ажыццяўляў арганізацыйнае і аператыўнае кіраўніцтва 10 партызанскімі брыгадамі (якія аб’ядноўвалі 43 атрады), у іх складзе налічвалася каля 6,5 тыс. чалавек.

Цэнтр расфарміраваны 6 красавіка 1943 г. у сувязі з утварэннем Ваенна-аператыўнай групы пры Магілёўскім падпольным абкаме КП(б)‌Б (гл. Магілёўскае партызанскае злучэнне).

Камандзіры: У. I. Нічыпаровіч (красавік — верасень 1942), П. В. Яхантаў (верасень 1942 — красавік 1943); камісары: К. М. Якаўлеў (красавік — верасень 1942), I. Р. Іваноў (верасень 1942 — люты 1943), Р. I. Шчарбакоў (люты — красавік 1943); начальнікі штаба: В. М. Айрапетаў (красавік — верасень 1942), К. А. Арцюшын (верасень 1942 — красавік 1943).