pdf

МАГІЛЁЎСКАЕ ПАРТЫЗАНСКАЕ ЗЛУЧЭННЕ

Дата стварэння: 01.03.2023 15:27:05

Дата змены: 11.09.2024 14:50:23

Магілёўскае партыза́нскае злучэ́нне

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

Аформілася 6 красавіка 1943 г. паводле пастановы ЦК КП(б)‌Б ад 2 красавіка 1943 г. як Ваенна-аператыўная група (ВАГ) пры Магілёўскім падпольным абкаме КП(б)‌Б.

Да стварэння злучэння, у перыяд з красавіка 1942 г. да красавіка 1943 г., партызанскімі брыгадамі і атрадамі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці на захад ад Дняпра кіраваў Клічаўскі аператыўны цэнтр.

Злучэнне аб’яднала брыгады: 1‑ю, 2‑ю, 4‑ю, 5‑ю Клічаўскія, 3‑ю Бярэзінскую, 1‑ю Асіповіцкую (7‑ю), 6‑ю Магілёўскую, 8‑ю Рагачоўскую, 8‑ю Круглянскую, 9‑ю Кіраўскую, 10‑ю Журавіцкую — усяго ў іх налічвалася каля 6,5 тыс. партызан. Да канца красавіка 1943 г. брыгады 8‑я Рагачоўская і 10‑я Журавіцкая былі перададзены ў склад Гомельскага партызанскага злучэння. Пазней уключаны ў склад Магілёўскага партызанскага злучэння або сфарміраваны ў ім брыгады: 11‑я Быхаўская, 12‑я кавалерыйская імя І. В. Сталіна (у верасні 1943 перададзена партызанскаму злучэнню паўднёвай зоны Мінскай вобласці), 13‑я Касцюковіцкая, 14‑я Цемналеская, «Чэкіст» (15‑я), імя М. А. Шчорса (16‑я), 17‑я.

Для ўмацавання кіраўніцтва партызанскім рухам у красавіку 1943 г. падпольны абкам партыі накіраваў ва ўсходнюю частку вобласці ўпаўнаважаных Я. Н. Нікіфарава (паўднёва-ўсходнія раёны) і М. В. Шпака (паўночна-ўсходнія раёны). Пры падпольных райкамах партыі былі створаны ваенна-аператыўныя групы: Асіповіцкая, Быхаўская, Бялыніцкая, Бярэзінская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская, Шклоўская, а таксама Краснапольская, Прапойская, Чэрыкаўская.

Большасць брыгад на працягу 1943 г. была расфарміравана. Атрады дзейнічалі ў складзе ваенна-аператыўных груп. Па меры росту і ўзброенасці асобныя атрады разгортваліся ў партызанскія палкі: 15‑ы, 113‑ы, 121‑ы імя А. М. Касаева, 122‑і «За Радзіму», 152‑і, 208‑ы імя І. В. Сталіна, 277‑ы, 425‑ы, 537‑ы, 600‑ы, 810‑ы. У снежні 1943 г. перададазены зноў сфарміраваная 8‑я брыгада ў Брэсцкае злучэнне, 208‑ы полк імя І. В. Сталіна — у Пінскае.

На тэрыторыі Магілёўскай вобласці дзейнічалі партызанскі полк «Трынаццаць» і партызанская брыгада 1‑я Бабруйская, якія ў склад Магілёўскага партызанскага злучэння не ўваходзілі.

Злучэнне ўз’ядналася з Чырвонай арміяй у верасні — кастрычніку 1943 г., лютым і чэрвені — ліпені 1944 г. За час існавання Магілёўскага партызанскага злучэння праз яго атрады прайшлі 37,6 тыс. партызан, з іх загінулі або прапалі без вестак 4 210 байцоў.

Кіраўніцтва: сакратары падпольнага абкама: Д. С. Маўчанскі (красавік 1943 — красавік 1944), М. В. Шпак (красавік — чэрвень 1944); камандзіры ВАГ: П. В. Яхантаў (красавік — жнівень 1943), С. Г. Сідарэнка-Салдаценка (жнівень 1943 — чэрвень 1944); начальнікі штаба: С. Г. Сідарэнка-Салдаценка (красавік — жнівень 1943), Г. I. Георгіеўскі (жнівень 1943 — чэрвень 1944).

Адзінаццаці партызанам злучэння — Б. М. Дзмітрыеву, С. Г. Жуніну, П. I. Кавалёву, М. П. Каралёву, А. М. Касаеву, А. Ф. Колесавай, В. І. Лівенцаву, Л. Д. Лорчанку, А. С. Лукашэвічу, У. А. Парахневічу, М. Тапівалдыеву — прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.