pdf

ДЗЯРЖЫНСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 17.11.2023 09:01:43

Дата змены: 10.11.2025 11:50:08


Дзяржы́нскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Дзяржынскі антыфашысцкі камітэт «Смерць фашызму».

Дзейнічала ў г. Дзяржынск і Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага абкама КП(б)‌Б і Дзяржынскага падпольнага райкама КП(б)‌Б у цесным кантакце з Мінскім партыйным падполлем са жніўня 1941 г. да ліпеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Аб’ядноўвала 120 чалавек, палавіна з іх — камуністы і камсамольцы.

Першая падпольная група створана ў арцелі жалезных вырабаў «Чырвоны штампоўшчык» па ініцыятыве камуністаў I. А. Жукаўца і Генадзя В. Будая, камсамольца П. М. Хмялеўскага. У групу ўвайшлі: Ю. А. Алтунін, Георгій В. Будай, А. К. Драблёнаў і П. К. Драблёнаў, П. А. Кавалёў, Н. А. Каробкін, Я. П. Караткоў, Н. Ф. Кацяшова, М. М. Наско, I. С. Рымковіч, М. I. Сарбайцаў, У. М. Чупецкі.

Узніклі групы ў вёсках Вялікія Навасёлкі (кіраўнік М. А. Лімантаў), Кукшавічы і Станькава (У. М. Вашкевіч; гл. Кукшавіцка-Станькаўская партыйна-камсамольская група), Баравое і Касілавічы (А. Г. Мурашоў), Нявелічы і Шацілы (А. I. Варыводскі) і інш.

Для кіраўніцтва падпольнай арганізацыяй прадстаўнікі груп у канцы жніўня 1941 г. стварылі Дзяржынскі антыфашысцкі камітэт «Смерць фашызму» ў складзе Генадзя В. Будая (кіраўнік), І. А. Жукаўца, П. М. Хмялеўскага, С. Ф. Юховіча (з вясны 1942). У выніку дзейнасць падполля набыла мэтанакіраваны і арганізаваны характар.

Падпольшчыкі мелі ў Дзяржынску 6 канспіратыўных кватэр, 3 радыёпрыёмнікі, ва ўстановах акупантаў працавала каля 20 патрыётаў. Георгій В. Будай, М. I. Гарленка, У. М. Чупецкі, якія працавалі ў раённай управе, збіралі звесткі аб варожым гарнізоне, карных аперацыях супраць насельніцтва і партызан, забяспечвалі падпольшчыкаў, партызанскіх сувязных, ваеннаслужачых-акружэнцаў пашпартамі, пропускамі (аўсвайсамі), бланкамі розных дакументаў. Вялі антыфашысцкую прапаганду сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, газету «Звязда» [орган Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б], збіралі разведданыя для партызан, накіроўвалі да іх людзей, перадавалі зброю, медыкаменты, прадукты.

У красавіку 1942 г. на базе падпольных груп вёсак Касілавічы і Баравое створаны першы ў раёне партызанскі атрад. Дзяржынскі антыфашысцкі камітэт быў звязаны з партызанскімі атрадамі імя С. М. Будзённага, імя М. В. Фрунзэ, імя В. П. Чкалава, «Баявы», са спецгрупамі, закінутымі з савецкага тылу.

Заданні камітэта і камандавання партызанскіх атрадаў па зборы разведданых выконвалі А. Е. Бязмен, I. I. Біжака, I. I. Грыб, А. П. Вашкевіч і У. М. Вашкевіч, В. П. Ждановіч, Ф. Б. Рымар, А. М. Шалай, П. Ф. Шаціла і інш. На працягу вясны і лета 1942 г. падпольшчыкі (па няпоўных звестках) пераправілі да партызан 45‑міліметровую гармату, 3 мінамёты, 12 кулямётаў, 3 аўтаматы, 160 вінтовак, болей як 20 скрынак з патронамі, значную колькасць снарадаў, гранат, узрыўчаткі.

Падпольшчыкі сарвалі намер акупантаў стварыць атрады «самааховы», выратавалі больш за 400 чалавек ад вывазу ў Германію, палілі і ўзрывалі масты і эшалоны, знішчалі жывую сілу і баявую тэхніку ворага. Восенню 1941 г. спалілі мост цераз р. Уса, 16 красавіка 1942 г. разам з партызанамі зрабілі напад на дзяржынскую турму, летам разграмілі паліцэйскі ўчастак у в. Путчына, напалі на гарнізон у в. Рубяжэвічы Івянецкага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці), рабілі засады на дарогах. Рабочыя Койданаўскай і Путчынскай пракатных станцый зрывалі рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі.

Восенню 1942 г. падпольшчыкі на чале з У. М. Вашкевічам у выніку падрыхтаванай аперацыі напалі на банк у Дзяржынску і вынеслі вялікую суму грошай, якія перадалі партызанам.

Пасля арыштаў у кастрычніку 1942 г. Дзяржынскі антыфашысцкі камітэт перастаў дзейнічаць, большасць падпольшчыкаў пайшла да партызан. Тыя, што засталіся, працягвалі барацьбу пад кіраўніцтвам Дзяржынскага падпольнага райкама КП(б)‌Б да ліпеня 1944 г.

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінулі К. М. Бабок, С. В. Быстрымовіч, Э. П. Быстрымовіч, С. Г. Варатніцкая, Я. А. Вашкевіч, I. М. Гаркун, I. А. Герасімовіч, У. I. Герасімовіч, I. I. Грыб, І. А. Жукавец, С. А. Жывіцкі, А. У. Івашын, П. А. Кавалёў, Г. А. Казей, А. I. Карніцкі, Н. Ф. Кацяшова, З. I. Красоўская, Н. А. Лішнявец, С. А. Макась, А. I. Папоў, С. А. Рыжак, М. Н. Хмялеўскі, Н. М. Чаранок, А. С. Шаўцова, У. I. Шчуплік, М. Я. Юран, А. I. Юховіч, С. Ф. Юховіч.

У Дзяржынску ў гонар Дзяржынскага антыфашысцкага камітэта ўстаноўлена мемарыяльная дошка, у в. Новая Рудзіца — мемарыяльная дошка С. Ф. Юховічу.