pdf

ДЗЯРЖЫНСК

Дата стварэння: 10.06.2024 16:50:05

Дата змены: 11.09.2024 14:59:13


location Google location Yandex

Дзяржынск (мемарыял ахвярам фашызму)


Дзяржы́нск

Да 1932 г. называўся Койданава.

Горад, цэнтр Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. За 38 км на паўднёвы захад ад Мінска, на чыгунцы (станцыя Койданава) і аўтадарозе Мінск — Брэст.

У 1924–1937 гг. і з 1939 г. цэнтр раёна.

У 1939 г. у Дзяржынску было 8,7 тыс. жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

У пачатку вайны каля Дзяржынска праходзіў рубеж Мінска абароны 1941 г. Тут быў створаны вузел супраціўлення з падраздзяленняў 444‑га стралковага (палкоўнік І. І. Петухоў) і 575‑га артылерыйскага палкоў 108‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр А. I. Маўрычаў) і размешчаных у раёне Дзяржынска кулямётных і артылерыйскіх дотаў (уваходзілі ў сістэму Мінскага ўмацаванага раёна), што кантралявалі дарогі Рубяжэвічы — Дзяржынск і Негарэлае — Мінск, па якіх нямецка-фашысцкія войскі рваліся да Мінска. Савецкія воіны 26 чэрвеня 1941 г. адбілі некалькі атак (у т. л. танкавых) праціўніка, які імкнуўся прарвацца да Дзяржынска. На паўднёвы захад ад горада 27 чэрвеня воіны 444‑га стралковага і артылерыйская батарэя 575‑га артылерыйскага палкоў адбілі 3 атакі 30 варожых танкаў і батальёна пяхоты, знішчылі каля 17 танкаў.

Дзяржынск акупіраваны 28 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і раёне 17 606 чалавек, у т. л. у гета ў Дзяржынску каля 2 тыс. яўрэяў (амаль усе яны былі расстраляны 21.10.1941). Ва ўрочышчы Рыжаўка каля чыгуначнай станцыі Койданава гітлераўцы ў 1941–1943 гг. знішчылі 15 тыс. (па іншых звестках, да 13 тыс.) чалавек, у т. л. яўрэяў з акупіраваных краін Заходняй Еўропы, якіх прывозілі сюды чыгуначнымі эшалонамі.

У горадзе і раёне дзейнічалі Дзяржынскае партыйна-камсамольскае падполле, Дзяржынскі падпольны райкам КП(б)‌Б і Дзяржынскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава (Мінскай вобласці), партызанская брыгада 300‑я імя К. Я. Варашылава, партызанская брыгада 200‑я імя К. К. Ракасоўскага, партызанская брыгада М. М. Нікіціна, партызанская брыгада 18‑я імя М. В. Фрунзэ, партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (Мінскай вобласці, камандзір С. Р. Ганзенка), партызанская брыгада імя І. В. Сталіна (Баранавіцкай вобласці), партызанская брыгада імя В. П. Чкалава, партызанская брыгада імя М. А. Шчорса (Мінскай і Вілейскай абласцей), партызанскі атрад 106‑ы, партызанскі атрад «Баявы» імя Дунаева, партызанскі атрад «Мсцівец», партызанскі атрад імя М. І. Калініна (Мінскай вобласці, камандзір Л. І. Сарока), партызанскі атрад «Слаўны», партызанская група «Волаты», партызанская група «Знішчальнік»; выдавалася падпольная газета «Ленінская праўда», орган Дзяржынскага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

Дзяржынск вызвалены 7 ліпеня 1944 г. воінамі 290‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр I. Г. Гаспаран) 81‑га стралковага корпуса 49‑й арміі 2‑га Беларускага фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 г.

У Дзяржынску знаходзяцца:

  • брацкія могілкі савецкіх воінаў і партызан, брацкія магілы савецкіх воінаў (на пахаваннях пастаўлены помнікі);

  • мемарыяльны комплекс на магіле ахвяр фашызму — вязняў гета;

  • мемарыяльны знак у гонар вызвалення горада;

  • Алея Славы, прысвечаная землякам — Героям Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы;

  • мемарыяльныя дошкі падпольшчыкам, 16‑му пагранічнаму атраду «Дзяржынскі», у гонар Герояў Савецкага Саюза — уражэнцаў Дзяржыншчыны.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2024 г. № 44 горад Дзяржынск узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».