Дата стварэння: 21.12.2023 10:36:23
Дата змены: 28.05.2025 12:03:57
Партыза́нскі атра́д І. С. Гу́біна
Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, Акцябрскага, Капаткевіцкага, і Парыцкага раёнаў Палескай вобласці.
Створаны ў жніўні 1941 г. у Асіповіцкім pаёне па ініцыятыве І. С. Губіна і У. М. Кавалёва з мясцовых патрыётаў і ваеннаслужачых, што трапілі ў акружэнне. Зімой 1941/1942 гг. папоўніўся падпольшчыкамі з г. Бабруйск, якія потым утварылі новы атрад В. І. Лівенцава. Са студзеня 1942 г. дзейнічаў у складзе «гарнізона Ф. І. Паўлоўскага», з мая 1942 г. — у брыгадзе Ф. І. Паўлоўскага (з лютага 1943 насіла назву партызанская брыгада 123‑я Акцябрская імя 25‑годдзя БССР), у сакавіку 1943 г. перададзены партызанскай брыгадзе 210‑й Капаткевіцкай. У ліпені 1943 г. вызначаны як самастойны.
Партызаны ўдзельнічалі ў разгроме варожых гарнізонаў у вёсках Вуглы, Шкава (абедзве ў Акцябрскім раёне). У снежні 1943 г. правялі бой з праціўнікам каля в. Лучыцы (Петрыкаўскі раён). У верасні 1943 г. і ў чэрвені 1944 г. удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначных участках Муляраўка — Клінск, Бабруйск — Старушкі. Атрад (74 партызаны) злучыўся з Чырвонай арміяй 3 ліпеня 1944 г.
Камандзіры: I. С. Губін (загінуў), Ц. Ц. Ульяшоў, А. Р. Волкаў; камісары: У. М. Кавалёў (загінуў), I. Н. Кулей, I. М. Жукаў; начальнікі штаба: А. С. Селіванаў, С. Д. Цемпякоўскі, Р. I. Валошын (выконваючы абавязкі).