Дата стварэння: 15.03.2024 10:46:23
Дата змены: 11.09.2024 15:17:05
Партыза́нская брыга́да 210‑я Капатке́віцкая
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Капаткевіцкага і Даманавіцкага раёнаў Палескай вобласці.
Створана ў сакавіку 1943 г. на базе атрадаў: П. Я. Ігуменава (вылучаны партызанскай брыгадай 37‑й імя А. Я. Пархоменкі), Р. I. Краўца (вылучаны партызанскай брыгадай 125‑й Капаткевіцкай), I. С. Губіна і А. Ф. Сарафанава (абодва вылучаны партызанскай брыгадай 123‑й Акцябрскай імя 25‑годдзя БССР), I. А. Бабіча (вылучаны з атрада П. Я. Ігуменава ў студзені 1943, дзейнічаў як асобны). У складзе брыгады 18 чэрвеня 1943 г. быў сфарміраваны атрад Я. Р. Гулевіча.
У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1943 г. з улікам асаблівасці дыслакацыі атрадаў брыгада была расфарміравана. Атрад Р. І. Краўца вылучаны для фарміравання партызанскай брыгады 130‑й Петрыкаўскай, атрад Я. Р. Гулевіча перададзены партызанскай брыгадзе 99‑й Калінкавіцкай, атрады П. Я. Ігуменава і І. А. Бабіча ў верасні 1943 г. аб’яднаны ў партызанскую брыгаду 100‑ю Глускую, атрады І. С. Губіна і А. Ф. Сарафанава вызначаны як асобныя.
Камандзір брыгады I. М. Кулікоўскі; камісары: К. Ф. Пінчук, I. П. Плыткевіч; начальнік штаба В. М. Васільеў.