pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 125-я КАПАТКЕВІЦКАЯ

Дата стварэння: 01.03.2023 15:45:07

Дата змены: 11.09.2024 14:50:24

Партыза́нская брыга́да 125‑я Капатке́віцкая

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Капаткевіцкага і Петрыкаўскага раёнаў Палескай вобласці.

Створана ў студзені 1943 г. у адпаведнасці з загадам па партызанскім злучэнні Мінскай і Палескай абласцей на базе атрадаў Капаткевіцкага (арганізаваны ў жніўні 1941), «Балотнікава» (I. Н. Глушко), М. Ф. Бабкова, Р. I. Краўца, А. Р. Волкава і 2‑га Капаткевіцкага. Да 15 сакавіка 1943 г. уваходзіла ў склад партызанскага злучэння Мінскай і Палескай абласцей, а пасля яго рэарганізацыі — у Палескае партызанскае злучэнне.

У сакавіку 1943 г. атрад Р. І. Краўца вылучаны для стварэння партызанскай брыгады 210‑й Капаткевіцкай. У маі 1943 г. арганізаваны атрад А. С. Вырвіча. У чэрвені 1943 г. атрад Капаткевіцкі разбуйнены, з яго сфарміраваны атрады Ф. Д. Кудраўца і В. А. Вялігіна, атрад 2‑і Капаткевіцкі вылучаны з брыгады і вызначаны як штабны. У ліпені 1943 г. з брыгады вылучаны атрады «Балотнікава» і М. Ф. Бабкова і на іх базе створана партызанская брыгада 130‑я Петрыкаўская. У жніўні 1943 г. арганізаваны атрад Р. А. Такуева. У верасні 1943 г. атрады Ф. Д. Кудраўца, В. А. Вялігіна, А. Р. Волкава, А. С. Вырвіча, Р. А. Такуева атрымалі адпаведна нумары 17‑ы, 27‑ы, 39‑ы, 45‑ы (з 12.3.1944 — атрад 45‑ы імя І. І. Маставога, названы ў гонар камандзіра атрада, які загінуў у баі 11.3.1944), 78‑ы. Акрамя таго, у складзе брыгады быў створаны 55‑ы атрад (спачатку атрад М. Х. Сямко), які 22 лютага 1944 г. злучыўся з Чырвонай арміяй; на той момант у ім налічвалася 55 партызан. У снежні 1943 г. у склад брыгады ўключаны атрад 25‑ы (арганізаваны ў верасні, дзейнічаў самастойна), на базе вылучаных з брыгады атрадаў 17‑га, 27‑га і 39‑га створана партызанская брыгада 150‑я імя Ф. М. Языковіча.

Партызаны праводзілі аперацыі на чыгуначным участку Лунінец — Гомель, на шашэйных і грунтавых дарогах. У жніўні 1943 г. падарвалі больш за 1,7 тыс. рэек, у ноч на 24 чэрвеня 1944 г. на ўчастку Старушкі — Бабруйск — больш за 270 рэек. У сакавіку і чэрвені 1943 г., красавіку 1944 г. вялі баі супраць карнікаў па ліквідацыі варожых гарнізонаў, у т. л. у в. Муляраўка Петрыкаўскага раёна. У красавіку — чэрвені 1944 г. дзейнічалі ў прыфрантавой паласе нямецкіх войск, здабывалі і перадавалі Чырвонай арміі каштоўныя звесткі разведкі.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады 45‑ы імя І. І. Маставога, 78‑ы дыверсійны, 25‑ы. Лінію фронту перайшлі 372 партызаны.

Камандзіры брыгады: А. А. Жыгар, М. Д. Куранаў; камісары: I. В. Скалабан, Ф. Д. Кудравец; начальнікі штаба: А. П. Карнейчык, В. А. Вялігін, А. А. Асокін, I. П. Юрасаў.

Камандзіру 78‑га дыверсійнага атрада Р. А. Такуеву і камандзіру дыверсійнай групы Ф. А. Малышаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У гонар брыгады ў г. п. Капаткевічы і в. Новыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў 1975 г. былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.