ПАЛЕСКАЕ ПАРТЫЗАНСКАЕ ЗЛУЧЭННЕ

Дата стварэння: 02.10.2023 10:28:40

Дата змены: 19.06.2024 10:44:12


Пале́скае партыза́нскае злучэ́нне

Створана 15 сакавіка 1943 г. на падставе рашэння ЦК КП(б)‌Б і загада Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) у выніку раздзялення партызанскага злучэння Мінскай і Палескай абласцей (гл. у артыкуле Мінскае партызанскае злучэнне).

Пры фарміраванні Палескага злучэння ў яго ўвайшлі партызанскія брыгады 123‑я Акцябрская, 125‑я Капаткевіцкая і асобныя партызанскія атрады: Даманавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, імя К. Я. Варашылава, Нараўлянскі, М. П. Бумажкова, А. П. Пакуша, У. Ц. Шантара, П. Я. Ігуменава, Р. I. Краўца, I. А. Бабіча, у якіх налічвалася 2 935 партызан, быў створаны штаб злучэння партызанскіх атрадаў.

У далейшым злучэнне ўключала 16 брыгад: 2‑ю Калінкавіцкую імя М. В. Фрунзэ, 27‑ю Нараўлянскую імя С. М. Кірава, 37‑ю Ельскую, Васілевіцкую імя П. К. Панамарэнкі, 50‑ю Жыткавіцкую, 99‑ю Калінкавіцкую, 100‑ю Глускую, 101‑ю Даманавіцкую, 123‑ю Акцябрскую імя 25‑годдзя БССР, 125‑ю Капаткевіцкую, 130‑ю Петрыкаўскую, 225‑ю, Лельчыцкую, Мазырскую імя Аляксандра Неўскага, 210‑ю Капаткевіцкую, 150‑ю імя Ф. М. Языковіча (з канца 1943 у Брэсцкім партызанскім злучэнні), 13 асобных атрадаў: I. С. Губіна, А. Ф. Сарафанава, імя К. Я. Варашылава, імя Р. І. Катоўскага, імя А. В. Суворава, імя В. І. Чапаева, Парыцкі імя С. М. Кірава, Тураўскі «За Радзіму», штабны Калінкавіцкі імя К. Я. Варашылава, Даманавіцкі, Васілевіцкі імя П. К. Панамарэнкі, Ельскі; ва ўзаемадзеянні з партызанамі дзейнічала каля 5 тыс. падпольшчыкаў і сувязных.

Дзеянні партызан у Ельскім, Лельчыцкім, Мазырскім, Нараўлянскім і Тураўскім раёнах каардынавала створанае ў маі 1943 г. Паўднёва-Прыпяцкае партызанскае злучэнне.

Акрамя таго, на тэрыторыі Палескай вобласці ў розны час дзейнічалі (але не ўваходзілі ў склад Палескага партызанскага злучэння) 14 асобных партызанскіх атрадаў.

Злучэнне партызанскіх фарміраванняў з часцямі Чырвонай арміі адбывалася па меры вызвалення Палескай вобласці з 22 верасня 1943 г. да 6 ліпеня 1944 г. На пачатак выхаду ў савецкі тыл у Палескім партызанскім злучэнні налічвалася каля 9 тыс. чалавек.

Камандзіры: Ф. М. Языковіч [адначасова ўпаўнаважаны ЦК КП(б)‌Б і сакратар Палескага падпольнага абкама КП(б)‌Б; сакавік — красавік 1943; загінуў], К. М. Бакун (красавік — верасень 1943; выконваў абавязкі), I. Д. Вятроў [адначасова ўпаўнаважаны ЦК КП(б)‌Б і першы сакратар Палескага падпольнага абкама КП(б)‌Б; верасень 1943 — сакавік 1944], I. В. Скалабан (сакавік — красавік 1944; выконваў абавязкі, загінуў), Р. М. Дарошка (красавік — ліпень 1944; выконваў абавязкі). Начальнікі штаба: К. М. Бакун (сакавік — красавік 1943), Р. М. Дарошка (красавік 1943 — красавік 1944), А. I. Неўскі (красавік — ліпень 1944).

Партызанам Ц. П. Бумажкову, Ф. I. Паўлоўскаму, Р. А. Такуеву і Ф. А. Малышаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.