Дата стварэння: 05.06.2024 11:56:17
Дата змены: 06.03.2025 10:09:19
Партыза́нская брыга́да 130‑я Пе́трыкаўская
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Петрыкаўскага, Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў Палескай вобласці, Старадарожскага раёна Мінскай вобласці.
Створана 27 ліпеня 1943 г. на базе атрада Р. I. Краўца (арганізаваны ў верасні 1941, пазней перайменаваны ў 132‑і), вылучанага з партызанскай брыгады 210‑й Капаткевіцкай, атрадаў «Балотнікава» (I. H. Глушко, арганізаваны ў жніўні 1942, пазней 125‑ы) і М. Ф. Бабкова (арганізаваны ў кастрычніку 1942, пазней 135‑ы), вылучаных з партызанскай брыгады 125‑й Капаткевіцкай (атрад Р. І. Краўца таксама ўваходзіў у 125‑ю брыгаду ў студзені — сакавіку 1943). Пазней арганізаваны атрады: 7 жніўня 1943 г. — А. I. Трухановіча (пазней 136‑ы) і I. В. Дубіка (пазней 138‑ы), 20 кастрычніка 1943 г. — П. І. Арцюха (пазней 133‑і).
У канцы 1942 г. партызаны ўдзельнічалі ў падрыве мастоў на рэках Пціч (гл. Пціцкая аперацыя 1942 г.) і Бобрык (гл. Бобрыцкая аперацыя 1942 г.).
Вялі адкрытыя і засадныя баі, у т. л. каля вёсак Міхедавічы Капаткевіцкага раёна (22.2.1943), Бабунічы (26–27.5.1943, гл. Бабуніцкі бой 1943 г.), Асавец (28.7 і 2.8.1943) Петрыкаўскага раёна, на дарозе Конкавічы — Балажэвічы (24.8.1943). У сакавіку 1943 г. каля в. Капцэвічы падарвалі некалькі аўтамашын з жывой сілай ворага, 21 жніўня 1943 г. разграмілі гарнізон праціўніка, які ахоўваў чыгуначны ўчастак Муляраўка — Коржаўка. У лютым — чэрвені 1943 г. і красавіку 1944 г. вялі баі з карнікамі. У жніўні — верасні 1943 г. на чыгуначным участку Лунінец — Калінкавічы падарвалі больш за 2 тыс. рэек.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй паатрадна: 19 студзеня (атрад 138‑ы, на той момант налічваў 208 партызан), 25 студзеня (атрад 136‑ы, на той момант налічваў 250 партызан) і 6 ліпеня 1944 г. (атрады 125‑ы, 132‑і, 133‑і, 135‑ы, у якіх налічвалася 757 партызан; па іншых даных — 721 партызан).
Камандзіры брыгады: I. В. Скалабан, М. А. Волкаў; камісар І. Н. Глушко; начальнік штаба У. I. Кулак.