ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 99-я КАЛІНКАВІЦКАЯ, Палескай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 99-я КАЛІНКАВІЦКАЯ

Дата стварэння: 01.03.2023 15:39:49

Дата змены: 11.09.2024 14:50:24

Партыза́нская брыга́да 99‑я Калі́нкавіцкая

Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Калінкавіцкага, Васілевіцкага, Хойніцкага, Мазырскага, Капаткевіцкага і Акцябрскага раёнаў Палескай вобласці.

Створана ў маі 1943 г. загадам штаба Палескага партызанскага злучэння на базе атрада імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў чэрвені 1942 у Калінкавіцкім раёне па ініцыятыве калінкавіцкіх і мазырскіх падпольшчыкаў на чале з К. М. Бакуном, М. С. Дзьячэнкам, Д. А. Казлоўскім, С. П. Ракіцкім). Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрады 1‑ы, 2‑і і 3‑і, у чэрвені 1943 г. — атрад 4‑ы; 27 чэрвеня 1943 г. яны былі перайменаваны ў 1‑ы імя К. Я. Варашылава, 2‑і імя Р. І. Катоўскага, 3‑і імя М. А. Шчорса і 4‑ы імя М. В. Фрунзэ адпаведна. У ліпені 1943 г. з партызанскай брыгады 210‑й Капаткевіцкай у брыгаду перададзены атрад Я. Р. Гулевіча, перайменаваны ў 5‑ы. У верасні 1943 г. арганізаваны атрад 6‑ы. У кастрычніку 1943 г. атрад 4‑ы імя М. В. Фрунзэ вылучаны з брыгады, на яго базе створана партызанская брыгада 2‑я Калінкавіцкая імя М. В. Фрунзэ, 13 лістапада 1943 г. гэтай брыгадзе перададзены і атрад 6‑ы (перайменаваны ў атрад 6‑ы імя В. І. Чапаева).

Партызаны знішчалі жывую сілу і тэхніку ворага на чыгунках і шашэйных дарогах. У чэрвені 1942 г. узарвалі электрастанцыю ў г. Калінкавічы, у ліпені знішчылі на р. Прыпяць параход і 2 баржы, у верасні — лесапільню і пеньказавод на станцыі Гарочычы. У кастрычніку спалілі 9 варожых складоў у Мазырскім раёне. У ноч на 4 жніўня 1943 г. на чыгуначным участку Гарочычы — Юшкі разбурылі каля 2 км чыгуначнага палатна, 23 жніўня разам з партызанамі брыгад Даманавіцкай 101‑й і Васілевіцкай імя П. К. Панамарэнкі разграмілі варожы гарнізон ва ўрочышчы Ведрыч (гл. Ведрыцкі бой 1943 г.), вялі баі па знішчэнні гарнізонаў у вёсках Капцэвічы і Колкі Капаткевіцкага раёна, Каплічы Даманавіцкага раёна і інш.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй паатрадна: 28 лістапада 1943 г. (атрады 2‑і імя Р. І. Катоўскага і 3‑і імя М. А. Шчорса), 20 снежня 1943 г. (5‑ы), 29 чэрвеня 1944 г. (1‑ы імя К. Я. Варашылава); перад злучэннем у брыгадзе змагаліся 604 партызаны.

Камандзір брыгады В. А. Караткевіч, камісар С. П. Ракіцкі, начальнік штаба А. М. Казакоў.

У гонар брыгады ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці ў в. Прудок у 1964 г., у вёсках Гогалеў, Гулевічы, Зеляночы ў 1975 г. устаноўлены мемарыяльныя дошкі.