Дата стварэння: 15.03.2024 10:45:02
Дата змены: 11.09.2024 15:14:25
Партыза́нская брыга́да 2‑я Калі́нкавіцкая імя́ М. В. Фру́нзэ
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Калінкавіцкага і Хойніцкага раёнаў Палескай вобласці.
Створана 22 кастрычніка 1943 г. на базе 4‑га Калінкавіцкага атрада імя М. В. Фрунзэ (арганізаваны ў чэрвені 1943), вылучанага партызанскай брыгадай 99‑й Калінкавіцкай Палескай вобласці. Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы, 5‑ы; са складу 99‑й брыгады 13 лістапада 1943 г. перададзены атрад імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў верасні 1943), перайменаваны ў 6‑ы.
Партызаны 4‑га Калінкавіцкага атрада праводзілі баявыя аперацыі на чыгунках і шашэйных дарогах. У чэрвені 1943 г. удзельнічалі ў баях супраць карнікаў, разграмілі варожы гарнізон у в. Тульгавічы Хойніцкага раёна, узарвалі лесапільны завод у г. Калінкавічы. На р. Прыпяць 4 верасня 1943 г. затапілі варожы параход. Дапамагалі часцям Чырвонай арміі ў наступленні: абсталявалі аэрадром, на які прынята 35 самалётаў; па заданні камандавання 61‑й арміі 19 лістапада 1943 г. разбілі варожы гарнізон, што абараняў чыгуначную станцыю Аўрамаўская на ветцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Гомель — Калінкавічы; пабудавалі 2 пераправы; удзельнічалі ў вызваленні вёсак Глінішча Хойніцкага раёна і Агароднікі Калінкавіцкага раёна.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 24 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы, 5‑ы, 6‑ы, у якіх змагаліся 924 партызаны.
Камандзір брыгады К. М. Марозаў, каміcap I. M. Бяляй, начальнік штаба A. P. Барысенка.
У гонар брыгады ў в. Моклішча Хойніцкага pаёна Гомельскай вобласці ў 1967 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.