Дата стварэння: 02.11.2023 16:38:13
Дата змены: 11.09.2024 14:39:57
Партыза́нская брыга́да 37‑я імя́ А. Я. Пархо́менкі
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, Старобінскага і Любанскага раёнаў Мінскай вобласці, Акцябрскага і Глускага раёнаў Палескай вобласці.
Створана ў студзені 1943 г. загадам па партызанскім злучэнні Мінскай і Палескай абласцей на базе атрадаў: М. Б. Храпко (пазней імя С. М. Кірава, арганізаваны ў студзені 1942), У. М. Шваякова (пазней імя М. А. Шчорса, арганізаваны ў студзені 1942), П. Я. Ігуменава (арганізаваны ў студзені 1942), У. К. Якавенкі (арганізаваны ў красавіку 1942), М. П. Сезіка (пазней імя В. І. Чапаева, арганізаваны ў верасні 1942).
У сакавіку 1943 г. атрад П. Я. Ігуменава перададзены партызанскай брыгадзе 210‑й Капаткевіцкай. У чэрвені 1943 г. арганізаваны атрад В. А. Шчэрбіча (пазней імя Д. А. Фурманава). У верасні 1943 г. атрад У. К. Якавенкі перададзены партызанскай брыгадзе 99‑й імя Д. Ц. Гуляева (перайменаваны ў атрад імя К. Я. Варашылава). Усе атрады брыгады перайменаваны 28 кастрычніка 1943 г. У лістападзе арганізаваны атрад імя Р. К. Арджанікідзэ.
Баявыя аперацыі партызаны праводзілі на варожых камунікацыях. У час аперацыі «Рэйкавая вайна» падарвалі 3 жніўня 1943 г. больш за 600 рэек, 23 верасня 1943 г. — больш за 900 рэек, 20 чэрвеня 1944 г. — каля 940 рэек. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Усцярхі Глускага раёна, Брожа, Гарбацэвічы, Орсічы Бабруйскага раёна, удзельнічалі ў разгроме варожага гарнізона ў в. Пратасы Акцябрскага раёна. На аэрадроме ў г. Бабруйск з дапамогай падпольшчыкаў знішчылі 15 самалётаў. Брыгада 1–20 снежня 1943 г. дзейнічала разам з 37‑й гвардзейскай стралковай дывізіяй.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. А. Шчорса, імя В. І. Чапаева, імя С. М. Кірава, імя Д. А. Фурманава, імя Р. К. Арджанікідзэ, у якіх налічвалася 1 195 партызан.
Камандзіры брыгады: П. М. Канавалаў, А. В. Львоў; камісары: С. К. Ляшчэня, М. Б. Храпко; начальнікі штаба: Я. М. Качанаў, С. В. Сыраквашын, Я. С. Раманаў.
У гонар брыгады ў в. Скаўшын (цяпер аграгарадок) Салігорскага pаёна Мінскай вобласці ў 1965 г. пастаўлены помнік.