ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 99-я ІМЯ Д. Ц. ГУЛЯЕВА, Мінскай і Брэсцкай абласцей
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 99‑я ІМЯ Д. Ц. ГУЛЯЕВА

Дата стварэння: 21.12.2023 10:37:13

Дата змены: 11.09.2024 14:41:35


Партыза́нская брыга́да 99‑я імя́ Д. Ц. Гуля́ева

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Глускага раёна Палескай вобласці, Старадарожскага раёна Мінскай вобласці, Косаўскага раёна Брэсцкай вобласці, Целяханскага, Лагішынскага і Іванаўскага раёнаў Пінскай вобласці.

Створана ў студзені 1943 г. у Глускім раёне загадам па партызанскім злучэнні Мінскай і Палескай абласцей як брыгада 99‑я на базе атрадаў: Д. Ц. Гуляева (арганізаваны ў маі 1942), У. Ц. Шантара (арганізаваны ў лістападзе 1941), А. П. Пакуша (арганізаваны ў лістападзе 1941), Б. М. Цыкункова (арганізаваны ў красавіку 1942), М. Ц. Грабко (арганізаваны ў студзені 1943, з ліпеня 1943 — атрад 12‑ы; у чэрвені 1944 перайменаваны ў атрад імя М. Ц. Грабко, у гонар яго камандзіра, які загінуў у баі ў верасні 1943).

У сакавіку 1943 г. атрады У. Ц. Шантара і А. П. Пакуша вылучаны для фарміравання партызанскай брыгады 225‑й. У маі 1943 г. у брыгадзе арганізаваны атрад 3‑і (з верасня — імя Г. К. Жукава, у снежні расфарміраваны). У чэрвені 1943 г. атрад Д. Ц. Гуляева вылучаны для фарміравання партызанскай брыгады 101‑й імя Аляксандра Неўскага.

Брыгадзе 9 верасня 1943 г. прысвоена імя Д. Ц. Гуляева, камандзіра брыгады 101‑й імя Аляксандра Неўскага, які загінуў у баі 5 верасня 1943 г.

У верасні 1943 г. атрад Б. М. Цыкункова вылучаны для фарміравання партызанскай брыгады 100‑й Глускай, адначасова на базе часткі гэтага атрада арганізаваны атрад імя М. М. Воранава. Таксама ў 99‑ю брыгаду ўвайшоў атрад імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў красавіку 1942, да студзеня 1943 дзейнічаў самастойна, потым — у партызанскай брыгадзе 37‑й імя А. Я. Пархоменкі).

У снежні 1943 г. брыгада пачала перадыслакацыю ў Целяханскі раён, куды выйшла ў студзені 1944 г., уключана ў Брэсцкае партызанскае злучэнне.

Партызаны рабілі дыверсіі на чыгуначных участках Бабруйск — Асіповічы, Баранавічы — Лунінец. У ноч на 26 чэрвеня 1943 г. штурмам авалодалі чыгуначным участкам Асіповічы — Татарка, падарвалі больш за 1 тыс. рэек, разбурылі чыгуначнае палатно. Разграмілі шэраг варожых гарнізонаў і апорных пунктаў. У красавіку 1944 г. удзельнічалі ў баях з карнікамі на р. Ясельда. На Агінскім канале пабудавалі пераправу і ўтрымлівалі яе да падыходу Чырвонай арміі. Разам з савецкімі войскамі ўдзельнічалі ў вызваленні райцэнтра Целяханы і вёсак Азарычы Лагішынскага раёна і Краглевічы Косаўскага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 10 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя К. Я. Варашылава, імя М. Ц. Грабко, імя М. М. Воранава, у якіх налічвалася 415 партызан.

Камандзіры брыгады: I. М. Кулікоўскі, А. Ц. Чайкоўскі, У. К. Якавенка; камісары: А. Ц. Чайкоўскі, М. К. Панцялеенка; начальнікі штаба: В. М. Сярэдзін, В. М. Каракулін.