pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 225-я

Дата стварэння: 21.12.2023 10:35:49

Дата змены: 11.09.2024 15:14:25

Партыза́нская брыга́да 225‑я

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Глускага, Жыткавіцкага і Акцябрскага раёнаў Палескай вобласці.

Створана ў сакавіку 1943 г. загадам штаба Палескага партызанскага злучэння на базе вылучаных партызанскай брыгадай 99‑й імя Д. Ц. Гуляева атрадаў: У. Ц. Шантара (пазней імя М. Ф. Гастэлы, арганізаваны ў лістападзе 1941) і А. П. Пакуша (пазней імя В. І. Чапаева, пачаў стварацца ў ліпені 1941 у Акцябрскім pаёне, сфарміраваны ў лютым 1942), асобнага атрада М. П. Бумажкова (пазней імя А. В. Суворава, арганізаваны ў студзені 1942). Усе гэтыя атрады ў студзені — красавіку 1942 г. уваходзілі ў «гарнізон Ф. І. Паўлоўскага». У складзе брыгады 27 лістапада 1943 г. арганізаваны атрад імя М. Ф. Сільніцкага.

Партызаны зрывалі варожыя перавозкі па чыгунках і шашэйных дарогах. У лістападзе — снежні 1942 г. удзельнічалі ў падрыве мастоў на рэках Пціч і Бобрык (гл. Пціцкая аперацыя 1942 г., Бобрыцкая аперацыя 1942 г.), разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Катка (гл. Каткаўская аперацыя 1942 г.), Халопенічы, Харомцы, Слабодка і інш. Падрыўнік В. П. Санчукоўскі (загінуў вясной 1944) пусціў пад адхон 18 эшалонаў. Партызаны толькі 12 жніўня 1943 г. на чыгуначным участку Брынёва — Старушкі падарвалі 600 рэек, у лютым 1944 г. — 2 бронепаязды.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 26 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. Ф. Гастэлы, імя А. В. Суворава, імя В. І. Чапаева, імя М. Ф. Сільніцкага, у якіх налічвалася 475 партызан.

Камандзіры брыгады: М. П. Бумажкоў, У. З. Пуцята; камісары: Б. К. Зялёнка, У. А. Станкевіч; начальнікі штаба: У. З. Пуцята, А. Я. Шчацько.