Дата стварэння: 29.01.2024 12:00:50
Дата змены: 11.09.2024 15:01:49
Партыза́нская брыга́да 101‑я імя́ Алякса́ндра Не́ўскага
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Старобінскага раёна Мінскай вобласці.
Створана ў чэрвені 1943 г. загадам штаба Мінскага партызанскага злучэння на базе асобнага атрада В. Ц. Меркуля (арганізаваны ў ліпені 1941 як Старобінскі, у лістападзе 1941 увайшоў 6‑й групай у атрад «Камарова», у сакавіку 1943 адноўлены, перададзены партызанскай брыгадзе імя С. М. Будзённага Пінскай вобласці, з красавіка дзейнічаў самастойна), а таксама арганізаваных у маі 1943 г. (з вылучаных атрадам В. Ц. Меркуля ініцыятыўных груп) асобных атрадаў 4‑га (Даманавіцкага) і 6‑га (Капацэвіцкага), атрада Д. Ц. Гуляева (арганізаваны ў маі 1942), вылучанага 99‑й брыгадай (гл. партызанская брыгада 99‑я імя Д. Ц. Гуляева). Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрады 3‑і, 5‑ы, у ліпені 1943 г. — атрад 7‑ы. Атраду В. Ц. Меркуля прысвоена імя І. В. Сталіна.
Атрады 3‑і, 4‑ы, 5‑ы, 6‑ы, 7‑ы атрымалі 18 жніўня 1943 г. адпаведна імёны П. С. Ламейкі (намесніка камандзіра гэтага атрада, які загінуў у чэрвені 1943), М. І. Бандараўца (у гонар камісара атрада «Камарова», які загінуў у верасні 1942), М. Пятрэнкі (у гонар партызана Краснавозерскага атрада, які загінуў у баі), І. М. Харсеева (у гонар партызана атрада «Камарова», які загінуў у лістападзе 1941), І. М. Бандарэнкі (у гонар партызана атрада імя І. В. Сталіна, які загінуў у лістападзе 1941). Атраду Д. Ц. Гуляева 9 верасня 1943 г. прысвоена імя яго камандзіра, які загінуў у баі 5 верасня. Пасля баёў з карнікамі частка атрадаў была расфарміравана: у красавіку 1944 г. — атрад імя І. М. Бандарэнкі (байцы размеркаваны паміж іншымі атрадамі), 31 мая 1944 г. — імя І. М. Харсеева (далучаны да атрада імя М. І. Бандараўца), у чэрвені 1944 г. — імя М. Пятрэнкі (далучаны да атрада імя П. С. Ламейкі).
Партызаны ў аперацыі «Рэйкавая вайна» падарвалі 3,3 тыс. рэек. Знішчылі 74 аўтамашыны, папсавалі 72,5 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Івань Слуцкага раёна, Пагост Старобінскага раёна і інш. Удзельнічалі 18–27 мая 1944 г. у баях супраць карнікаў, правялі 4 абарончыя баі каля вёсак Вялікія Лістападавічы, Мазуршчына, Мелкавічы, Ананчыцы, Скаўшын, Краснае Возера, Крушнікі. З боем занялі 29 чэрвеня 1944 г. Старобін і пераправу на р. Случ, утрымлівалі іх да падыходу савецкіх войск (гл. Старобінскія баі 1942, 1944 гг.).
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя І. В. Сталіна, імя Д. Ц. Гуляева, імя П. С. Ламейкі, імя М. І. Бандараўца, у якіх налічвалася 1 300 партызан.
Камандзіры брыгады: Д. Ц. Гуляеў (загінуў), М. Д. Курыльчык; камісар В. Ц. Меркуль; начальнікі штаба: С. М. Палякоў (загінуў), П. З. Ігнашчанка.
Камандзіру брыгады Д. Ц. Гуляеву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У гонар брыгады і Старобінскага падпольнага райкама КП(б)Б у в. Махнавічы Салігорскага pаёна Мінскай вобласці ў 1965 г. пастаўлены помнік.