ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ С. M. БУДЗЁННАГА, Пінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ С. М. БУДЗЁННАГА

Дата стварэння: 05.05.2023 12:06:09

Дата змены: 10.07.2025 14:29:22


Партыза́нская брыга́да імя́ С. М. Будзённага

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ленінскага раёна Пінскай вобласці.

Створана ў сакавіку 1943 г. на базе асобных атрадаў «Камарова» (В. З. Каржа; арганізаваны 26.6.1941 з партыйных і савецкіх работнікаў і камсамольцаў г. Пінск) і А. І. Дамброўскага (арганізаваны ў снежні 1942 з дыверсійных груп, сфарміраваных у Маскве ў верасні 1942 і накіраваных у Пінскую вобласць).

Атрад «Камарова» 28 чэрвеня 1941 г. правёў першы бой з варожай разведкай на р. Ясельда, 4 ліпеня — бой каля Пінска. У лютым — сакавіку 1942 г. разам з атрадамі А. I. Далідовіча, А. I. Патрына, М. М. Розава разграміў валасныя ўправы і паліцэйскія ўчасткі ў вёсках Кузьмічы, Доўгае, Капацэвічы, Скаўшын, Пасталы, Пагост. У верасні 1942 г. атрад «Камарова» з атрадамі імя М. Ц. Шыша і «Пятровіча» (А. П. Савіцкага) разграміў варожы гарнізон у г. п. Ленін, спаліў склад боепрыпасаў і інш. (гл. Ленінскі бой 1942 г.).

Пры арганізацыі брыгады атрад «Камарова» (уключаў 7 груп) расфарміраваны, з яго 1‑й, 2‑й и 7‑й (часткова) груп створаны атрад імя К. Я. Варашылава, з 3‑й, 4‑й и 5‑й груп — атрад імя Р. І. Катоўскага, атрад А. І. Дамброўскага папоўнены часткай 7‑й групы і перайменаваны ў атрад імя П. К. Панамарэнкі. Адначасова на базе 6‑й групы адноўлены Старобінскі атрад, які быў накіраваны ў Старобінскі раён Мінскай вобласці (пазней атрад імя І. В. Сталіна партызанскай брыгады 101‑й імя Аляксандра Неўскага).

У лютым — маі 1944 г. партызаны брыгады вялі баі з карнікамі каля вёсак Ельна, Малыя Сцяблевічы, Грычынавічы, Морач, г. п. Ленін. Праводзілі дыверсіі на чыгунках Жыткавічы — Пінск, Баранавічы — Лунінец, на дарозе Старобін — Мікашэвічы — Давыд-Гарадок. Удзельнічалі ў «Рэйкавай вайне». У верасні — кастрычніку 1943 г. падарвалі больш за 2,5 тыс. рэек, у ноч на 20 чэрвеня 1944 г. — 796 рэек. У чэрвені — ліпені 1944 г. правялі 19 баёў з праціўнікам, у якіх забілі і паранілі 437, узялі ў палон 40 салдат і афіцэраў, знішчылі 4 танкі, 27 аўтамашын. У ліпені 1944 г. трымалі абарону і вялі баі ў Ленінскім і Старобінскім раёнах.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 14 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя К. Я. Варашылава, імя Р. І. Катоўскага, імя П. К. Панамарэнкі, у якіх налічвалася 1 078 партызан.

Камандзіры брыгады: У. М. Антановіч, Ф. I. Шырын; камісары: Р. М. Ігнаценка, Р. С. Карасёў; начальнік штаба В. А. Стаюхін.