pdf

ЛЕНІНСКІ БОЙ 1942 г.

Дата стварэння: 12.04.2023 11:15:00

Дата змены: 11.09.2024 16:20:14

Ле́нінскі бой 1942 г.

Бой партызан атрадаў «Камарова» (гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя С. М. Будзённага), «Пятровіча» (гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя С. М. Кірава) і імя М. Ц. Шыша (гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя В. М. Молатава) супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г. п. Ленін Пінскай вобласці 12 верасня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

План аперацыі па разгроме гарнізона ў Леніне (каля 60 гітлераўцаў) распрацаваў намеснік камандзіра партызанскага атрада імя М. Ц. Шыша П. П. Паталах, які і кіраваў боем. Было створана 5 штурмавых груп (150 партызан), 3 з якіх размяшчаліся на шляхах магчымага адыходу праціўніка, астатнія — у засадах на дарогах у рабочы пасёлак Мікашэвічы і в. Сінкевічы з мэтай не дапусціць падыходу падмацаванняў ворагу.

Раніцай 12 верасня 1942 г. партызаны раптоўна напалі на гарнізон. Праціўнік не змог аказаць супраціўлення; было забіта і паранена 20 гітлераўцаў, астатнія ўцяклі. Партызаны вызвалілі з турмы больш за 50 савецкіх патрыётаў, захапілі трафеі (зброю і харчаванне) і арганізавана адышлі. У баі загінуў адзін партызан, 2 партызаны былі паранены.

У гонар баявых дзеянняў партызан у Леніне (цяпер аграгарадок у Жыткавіцкім pаёне Гомельскай вобласці) у 1960 г. пастаўлены помнік.