Дата стварэння: 05.05.2023 12:07:09
Дата змены: 11.09.2024 14:59:46
Партыза́нская брыга́да імя́ В. М. Мо́латава
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Антопальскага, Жабчыцкага, Пінскага, Лагішынскага, Столінскага, Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў Пінскай вобласці БССР, Любяшоўскага і Камень-Кашырскага раёнаў Валынскай вобласці УССР.
Створана ў красавіку 1943 г. па рашэнні Іванаўскага падпольнага райкама КП(б)Б і загадам штаба Пінскага партызанскага злучэння на базе атрадаў імя М. Ц. Шыша (арганізаваны ў красавіку 1942; камандзір атрада М. Ц. Шыш загінуў у баі 25.6.1942), імя С. Г. Лазо (арганізаваны ў лістападзе 1942), імя А. В. Суворава (арганізаваны ў лістападзе 1942). У чэрвені 1943 г. арганізаваны атрад імя У. Р. Нямытава, у ліпені 1943 г. — атрады імя М. І. Калініна, імя І. В. Сталіна, імя Р. К. (Сярго) Арджанікідзэ, імя Тадэвуша Касцюшкі. У ліпені ў брыгаду ўключаны атрад імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў чэрвені 1942).
У жніўні 1943 г. атрады імя В. І. Чапаева, імя І. В. Сталіна, імя Тадэвуша Касцюшкі, імя У. Р. Нямытава былі вылучаны для арганізацыі партызанскай брыгады Пінскай, атрад імя М. І. Кутузава перададзены партызанскай брыгадзе «Савецкая Беларусь».
У лютым 1944 г. арганізаваны атрад імя П. П. Паталаха (названы ў гонар намесніка камандзіра атрада імя М. Ц. Шыша, які загінуў у баі).
Партызаны атрада М. Ц. Шыша ў красавіку 1942 г. вялі баі каля в. Дзеткавічы Драгічынскага раёна, у чэрвені разграмілі ворага каля в. Ямнік. У кастрычніку 1942 г. атрады імя М. Ц. Шыша і «Пятровіча» (А. П. Савіцкага) разграмілі чыгуначную станцыю Сінкевічы (гл. Сінкевіцкая аперацыя 1942 г.), знішчылі мост на р. Лань, эшалон з боепрыпасамі.
Партызаны брыгады праводзілі дыверсіі на чыгунцы Брэст — Пінск, Лунінец — Баранавічы, Ковель — Брэст і на Дняпроўска-Бугскім канале (гл. Дняпроўска-Бугская аперацыя 1943 г.). У ліпені 1943 г. разграмілі варожы гарнізон у Любяшове Валынскай вобласці (гл. Любяшоўскі бой 1943 г.) і чыгуначную станцыю Вулька Іванаўскага раёна, падарвалі 2,5 км чыгуначнага палатна, чыгуначны мост, знішчылі 3 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі. У гэтай аперацыі ўдзельнічала насельніцтва навакольных вёсак. З верасня да лістапада 1943 г. на чыгуначным участку Антопаль — Янаў-Палескі падарвалі 2,4 тыс. рэек (рух спыніўся на 12 сутак). У лютым і сакавіку 1944 г. вялі баі з праціўнікам на Дняпроўска-Бугскім канале і р. Прыпяць (гл. Дняпроўска-Бугскага канала абарона 1944 г.), каля вёсак Белін і Зарэчка Драгічынскага раёна.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 30 сакавіка 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. Ц. Шыша, імя С. Г. Лазо, імя А. В. Суворава, імя М. І. Калініна, імя П. П. Паталаха, у якіх налічвалася 1 311 партызан.
Камандзір брыгады М. I. Герасімаў; камісар Ф. С. Кунькоў; начальнікі штаба: М. Л. Праходскі, Д. К. Удовікаў.
У памяць вызвалення Іванаўскага раёна ў г. Іванава ў 1965 г. устаноўлена мемарыяльная дошка, дзе сярод іншых партызанскіх брыгад узгадваецца брыгада імя В. М. Молатава.