pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ПІНСКАЯ

Дата стварэння: 13.06.2024 09:26:53

Дата змены: 02.06.2025 10:34:42


location Google location Yandex

Помнік на месцы стаянкі штаба Пінскай партызанскай брыгады


Партыза́нская брыга́да Пі́нская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Пінскага, Жабчыцкага і Іванаўскага раёнаў Пінскай вобласці БССР і Любяшоўскага раёна Валынскай вобласці УССР.

Створана ў жніўні 1943 г. загадам па штабе Пінскага партызанскага злучэння на базе атрадаў імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў чэрвені 1942 у Люблінскім ваяводстве, да ліпеня 1943 дзейнічаў самастойна і называўся атрадам імя Тадэвуша Касцюшкі), імя У. Р. Нямытава (арганізаваны ў чэрвені 1943 з груп самаабароны вёсак Іванаўскага раёна, названы ў гонар У. Р. Нямытава, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, упаўнаважанага ЦК КП(б)‌Б па Пінскай вобласці, які загінуў 30.12.1942), імя І. В. Сталіна, імя Р. К. Арджанікідзэ і імя Тадэвуша Касцюшкі (усе арганізаваны ў ліпені 1943), вылучаных з партызанскай брыгады імя В. М. Молатава ў жніўні 1943 г. У лістападзе 1943 г. арганізаваны атрад (дыверсійная група) імя Г. К. Жукава, які базіраваўся пры Пінскім падпольным гаркаме КП(б)‌Б.

Партызаны атрада імя В. І. Чапаева разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Яромічы Кобрынскага раёна (чэрвень 1942), Дубае Жабчыцкага раёна (лістапад 1942), Оўзічы Іванаўскага раёна (снежань 1942), Радастава Дзівінскага раёна (сакавік 1943), у складзе партызанскай брыгады імя В. М. Молатава ўдзельнічалі ў разгроме гарнізона ў г. Камень-Кашырскі Валынскай вобласці (ліпень 1943, гл. Камень-Кашырская аперацыя 1943 г.).

Партызаны Пінскай брыгады праводзілі дыверсіі на чыгунцы Іванава — Пінск — Лунінец, шашы Пінск — Столін, Пінск — Лагішын. З верасня 1943 г. да мая 1944 г. разбурылі 2,8 км чыгуначнага палатна, знішчылі 21 мост, пашкодзілі 27,5 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі, спалілі 4 склады з боепрыпасамі. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Добрая Воля Пінскага раёна (кастрычнік 1943), Крамно Драгічынскага раёна (ліпень 1943), Лахвічы Любяшоўскага раёна. У сакавіку — красавіку 1944 г. разам з савецкімі войскамі вялі жорсткія баі з праціўнікам у Пінскім і Іванаўскім раёнах.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 30 сакавіка 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. І. Чапаева, імя І. В. Сталіна, імя Тадэвуша Касцюшкі, імя У. Р. Нямытава, імя Р. К. Арджанікідзэ, імя Г. К. Жукава, у якіх налічваўся 1 071 партызан.

Камандзір брыгады I. Г. Шубітыдзэ, камісар А. З. Пратасеня, начальнік штаба Г. А. Дораш.

У гонар брыгады і іншых партызанскіх фарміраванняў каля в. Зарэчка Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1969 г. пастаўлены помнік; на месцы, дзе размяшчаўся штаб брыгады, каля в. Махро Іванаўскага раёна ў 1965 г. пастаўлены памятны знак.