pdf

КАМЕНЬ-КАШЫРСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1943 г.

Дата стварэння: 12.04.2023 11:13:43

Дата змены: 02.06.2025 10:36:37


Ка́мень-Кашы́рская апера́цыя 1943 г.

Баі паміж партызанамі атрадаў імя А. В. Суворова, імя В. І. Чапаева партызанскай брыгады імя В. М. Молатава і нямецка-фашысцкімі захопнікамі на чыгуначнай станцыі Камень-Кашырск (цяпер Камень-Кашырскі) Валынскай вобласці (Украіна) 22 ліпеня 1943 г. і на станцыі Янаў-Палескі Іванаўскага раёна 23 ліпеня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Аперацыяй кіраваў камандзір партызанскай брыгады імя В. М. Молатава М. I. Герасімаў.

Перад партызанамі была пастаўлена задача знішчыць гарнізон ворага на чыгуначнай станцыі Камень-Кашырск на ракаднай чыгунцы Ковель — Янаў-Палескі, спыніць рух эшалонаў праціўніка на гэтым участку чыгункі.

Партызанскі атрад імя А. В. Суворава (70 байцоў, камандзір А. С. Кузічкін) скрытна зрабіў 55‑кіламетровы марш і выйшаў на зыходны рубеж за 2 км ад станцыі. Дзве групы (па 10 чалавек) перакрылі засадамі дарогі на г. п. Ратна і г. Ковель. Удар быў нанесены раптоўна ў ноч на 22 ліпеня. Праціўнік, нягледзячы на значную перавагу, у паніцы без супраціўлення ўкрыўся ў бетонных бункерах. Партызаны блакіравалі бункеры, знішчылі станцыйныя збудаванні, склады з маёмасцю чыгункі, 8 камбайнаў і без страт адышлі.

Развіццём аперацыі з’явіўся ўдар па станцыі Янаў-Палескі (на лініі Пінск — Брэст), які быў нанесены партызанскім атрадам імя В. І. Чапаева (камандзір I. С. Зайкоў) 23 ліпеня праз некалькі гадзін пасля бою на станцыі Камень-Кашырск. Партызаны спалілі дэпо з трыма паравозамі і цыстэрну з гаручым. У выніку гэтай аперацыі ўчастак чыгункі ад станцыі Камень-Кашырск да станцыі Янаў-Палескі быў надоўга выведзены са строю.


Літаратура
  1. Пасэ У. С. Камень-Каширская операция 1943 // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Іванаўскага раёна / Рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 2000.