pdf

ЛЮБЯШОЎСКІ БОЙ 1943 г.

Дата стварэння: 14.04.2023 11:14:07

Дата змены: 11.09.2024 15:57:11


Любяшо́ўскі бой 1943 г.

Бой партызанскай брыгады імя В. М. Молатава супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г. п. Любяшоў Валынскай вобласці (Украіна) 21 ліпеня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Баявой задачай партызан было не даць гітлераўцам вывезці нарабаваныя ў мясцовых жыхароў сельгаспрадукты, разграміць гарнізон, папоўніць запасы брыгады боепрыпасамі і зброяй.

Кіраваў боем камандзір брыгады М. I. Герасімаў. Выставіўшы засады вакол Любяшова, атрады імя С. Г. Лазо і імя М. Ц. Шыша скрытна выйшлі на рубяжы атакі, разведчыкі знялі вартавых, штурмавыя групы блакіравалі фашыстаў у бункерах. Партызаны нагрузілі 300 падвод, а маёмасць і прадукты, якія засталіся ў васьмі складах, падпалілі. Галоўныя сілы брыгады пад прыкрыццём ар’ергарда (узвода партызан, які прыняў на сябе ўдар падмацавання гітлераўцаў і не прапусціў пераследнікаў) адышлі на свае базы.

У баі партызаны знішчылі каля 25 фашыстаў, страцілі забітымі некалькі сваіх таварышаў.