Дата стварэння: 12.05.2023 11:22:24
Дата змены: 15.05.2025 15:22:26
Партыза́нская брыга́да «Саве́цкая Белару́сь»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Давыд-Гарадоцкага і Столінскага раёнаў Пінскай вобласці.
Створана ў жніўні 1943 г. загадам штаба Пінскага партызанскага злучэння на базе атрадаў «Савецкая Беларусь» і імя М. І. Кутузава. У лістападзе 1943 г. у брыгадзе сфарміраваны атрад імя К. К. Ракасоўскага з партызан, якіх вылучыў атрад імя В. П. Чкалава.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгуначных участках Лунінец — Калінкавічы, Лунінец — Сарны і на шашэйных дарогах. Толькі з верасня па лістапад 1943 г. на чыгунцы Лунінец — Сарны падарвалі больш за 120 рэек, пашкодзілі 1,5 км чыгуначнага палатна, спынілі рух на 22 сутак. У ліпені і кастрычніку 1943 г. з партызанамі злучэння А. М. Сабурава грамілі гарнізоны ў г. Давыд-Гарадок (гл. Давыд-Гарадоцкія баі 1943 г.), у студзені 1944 г. з партызанамі 1‑й Украінскай дывізіі імя С. А. Каўпака — у г. Столін. Знішчылі сельскагаспадарчыя ўправы ў вёсках Харомск, Альпень, Альшаны, Семігосцічы Давыд-Гарадоцкага раёна, 126 аўтамашын, у маёнтках Луткі, Рамель, Беражное спалілі 7,5 тыс. пудоў збожжа, падрыхтаванага для адпраўкі ў Германію, сельскагаспадарчыя машыны. У студзені 1944 г. разам з часцямі Чырвонай арміі вялі баі каля вёсак Колбікі, Старына́ Давыд-Гарадоцкага раёна, у лютым удзельнічалі ў разгроме варожай групоўкі каля в. Іванава Слабада Тураўскага раёна Палескай вобласці.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 16 лютага 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. П. Чкалава, імя М. І. Кутузава, імя К. К. Ракасоўскага, якія налічвалі 903 партызаны. Загадам аператыўнай групы Беларускага штаба партызанскага руху і рашэннем Пінскага падпольнага абкама КП(б)Б з асабовага саставу брыгады былі створаны знішчальныя атрады: Столінскі імя М. І. Кутузава, Давыд-Гарадоцкі імя К. К. Ракасоўскага і імя В. П. Чкалава, якія былі накіраваны ў варожы тыл, каб абараняць і кантраляваць партызанскую зону, праводзіць дыверсійную дзейнасць і актыўную разведку для часцей Чырвонай арміі на тэрыторыі Столінскага і Давыд-Гарадоцкага раёнаў.
Гэтыя атрады злучыліся з Чырвонай арміяй 8 чэрвеня 1944 г., на той момант яны налічвалі 469 чалавек.
Камандзіры брыгады: П. П. Тамілаў, I. А. Сматроў; камісар І. А. Сматроў; начальнікі штаба: Ю. М. Героеў, I. С. Каяфюк.
У гонар брыгады ў г. Столін у 1965 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.