pdf

ДАВЫД-ГАРАДОЦКІЯ БАІ 1943 г.

Дата стварэння: 14.04.2023 11:04:02

Дата змены: 11.09.2024 16:20:14

Давы́д-Гарадо́цкія баі́ 1943 г.

Баі паміж партызанамі атрада «Савецкая Беларусь» (гл. Партызанская брыгада «Савецкая Беларусь» Пінскай вобласці), злучэннем А. М. Сабурава Жытомірскай вобласці (Украінская ССР) і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна ў ліпені і кастрычніку 1943 г. Разгрому буйнога гарнізона праціўніка ў Давыд-Гарадку (каля 300 гітлераўцаў) папярэднічала партызанская разведка. Звесткі пра размяшчэнне гарнізона, сістэму абароны партызанам перадалі падпольшчыкі. У аперацыі ўдзельнічала 5 партызанскіх баявых груп (400 чалавек). Адна група, каб адцягнуць увагу ворага, наступала па дарозе Альшаны — Тураў, другая перакрыла дарогу ў в. Харомск, перашкаджаючы падыходу падмацаванняў праціўніка з г. Столін.

Тры групы партызан у ноч на 25 ліпеня з розных бакоў уварваліся ў Давыд-Гарадок і да гадзіны ночы поўнасцю авалодалі горадам. У выніку бою жандармерыя і паліцыя ў горадзе былі ў асноўным ліквідаваны (знішчана да 20 гітлераўцаў, астатнія ў паніцы разбегліся); зруйнаваны ўсе будынкі, у якіх знаходзіліся ўстановы і прадпрыемствы акупантаў; спалены мост цераз р. Гарынь, склады і ўмацаванні, 3 аўтамашыны, 4 матацыклы; захоплена зброя. Спалены нямецкі маёнтак «Высокае» каля Давыд-Гарадка; захоплена 20 коней, 120 галоў буйной рагатай жывёлы, больш за 200 авечак. Вайсковая часць праціўніка, што знаходзілася за 1 км ад горада за Гарынню, якая шырока разлілася, была паралізавана агнём партызанскай артылерыі. Партызаны без страт пакінулі Давыд-Гарадок.

У ноч на 14 кастрычніка 1943 г. партызаны зрабілі другі налёт на гарнізон у Давыд-Гарадку. Праціўнік не прыняў бою і пакінуў умацаваныя пазіцыі. Партызаны знішчылі ўсе будынкі і прадпрыемствы акупантаў, узарвалі масты цераз Гарынь, катар, захапілі склады з харчаваннем і амуніцыяй і без страт адышлі.