pdf

СІНКЕВІЦКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1942 г.

Дата стварэння: 09.07.2024 14:50:28

Дата змены: 27.02.2025 16:12:35

Сінке́віцкая апера́цыя 1942 г.

Баі партызанскіх атрадаў імя М. Ц. Шыша (гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя В. М. Молатава), «Пятровіча» (гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя С. М. Кірава Пінскай вобласці) у Вялікую Айчынную вайну супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у вёсцы і на чыгуначнай станцыі Сінкевічы Ленінскага pаёна Пінскай вобласці 30 кастрычніка 1942 г.

3 мэтай зрыву руху паяздоў па чыгунцы Брэст — Гомель штаб Пінскага партызанскага злучэння да 25‑годдзя Кастрычніка распрацаваў план аперацый па адначасовым разгроме варожага гарнізона ў вёсцы і на чыгуначнай станцыі Сінкевічы і падрыве 70‑метровага чыгуначнага моста цераз р. Лань. Аперацыяй кіравалі камандзіры атрадаў «Пятровіча» і імя М. Ц. Шыша — А. П. Савіцкі і М. I. Герасімаў адпаведна. Партызанская разведка ўстанавіла колькасць і ўзбраенне гарнізона праціўніка ў вёсцы, аховы станцыі і моста (больш за 100 гітлераўцаў, узброеных станковымі і пяццю ручнымі кулямётамі, аўтаматамі і вінтоўкамі), вызначыла, што вёска і чыгуначная станцыя ўмацаваны дзотамі. Для ўдзелу ў аперацыі выдзелена каля 200 партызан, узброеных 11 ручнымі кулямётамі, 12 аўтаматамі, вінтоўкамі. Каб не дапусціць падыходу падмацавання з бліжэйшых гарнізонаў праціўніка, групы прыкрыцця вывелі са строю тэлефонна-тэлеграфную лінію сувязі і чыгунку. Астатнія групы павінны былі нанесці адначасовы ўдар па гарнізоне ў вёсцы, ахове моста і ўзарваць яго.

На досвітку 30 кастрычніка 1942 г. ударныя групы напалі на паліцэйскі ўчастак, будынак камендатуры і ахову лесапільнага завода, якія знаходзіліся ў в. Сінкевічы, падпалілі іх і хутка падавілі супраціўленне гітлераўцаў. Знішчыўшы праціўніка на станцыі, партызаны падпалілі састаў з боепрыпасамі. Узрывамі бомбаў і снарадаў падпаленага эшалона быў знішчаны будынак станцыі, уся станцыйная гаспадарка і чыгуначнае палатно. Ахова моста спрабавала адысці па балоце ў бок р. Прыпяць, але трапіла пад агонь партызан і была знішчана. Партызаны авалодалі чыгуначным мостам і падарвалі яго. Групы прыкрыцця адбілі падраздзяленні праціўніка, якія спяшаліся на дапамогу гарнізону са станцыі Лахва і в. Сітніца. У ходзе гадзіннага бою былі падарваны чыгуначны мост цераз Лань, 2 іншыя чыгуначныя масты (даўжынёй 10 і 14 м), 4 масты на грунтавых дарогах, знішчана 3 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі сувязі, спалены эшалон з боепрыпасамі, лесапільны і малочны заводы, будынкі станцыі і акупацыйных улад. У выніку аперацыі рух па чыгунцы быў спынены на доўгі час. Страты праціўніка: 74 забітых, 14 параненых і 6 узятых у палон. Партызаны страцілі трох забітымі і чатырох параненымі.

У памяць аб баявых дзеяннях партызан у 1963 г. на будынку станцыі Сінкевічы ўстаноўлена мемарыяльная дошка.