ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 123-я АКЦЯБРСКАЯ ІМЯ 25-ГОДДЗЯ БССР, Палескай вобласці
pdf
ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА  123-я АКЦЯБРСКАЯ ІМЯ 25-ГОДДЗЯ БССР, Палескай вобласці

Мемарыяльная дошка ў гонар партызанскай брыгады 123‑й Акцябрскай імя 25‑годдзя БССР і Акцябрскага падпольнага райкама КП(б)‌Б у гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 123-я АКЦЯБРСКАЯ ІМЯ 25-ГОДДЗЯ БССР

Дата стварэння: 01.03.2023 15:44:34

Дата змены: 11.09.2024 14:50:24


Партыза́нская брыга́да 123‑я Акця́брская імя́ 25‑го́ддзя БССР

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Акцябрскага, Капаткевіцкага, Петрыкаўскага, Глускага, Жыткавіцкага і Парыцкага раёнаў Палескай вобласці.

Брыгада сфарміравана ў маі 1942 г.

Гэтаму папярэднічала стварэнне ў студзені 1942 г. аб’яднання атрадаў пад назвай «гарнізон Ф. I. Паўлоўскага» (камандзір Ф. I. Паўлоўскі, камісар С. В. Маханько, начальнік штаба Р. I. Бар’яш) па ініцыятыве камандавання атрада «Чырвоны Кастрычнік», якая абапіралася на хуткі рост партызанскіх атрадаў і іх актыўнасць.

У «гарнізон Ф. I. Паўлоўскага» ўвайшлі атрады «Чырвоны Кастрычнік» (арганізаваны ў ліпені 1941), А. Ф. Каваленкі (арганізаваны ў снежні 1941; пасля гібелі камандзіра ў баі ў чэрвені 1942 атрад у кастрычніку 1942 атрымаў яго імя), М. Б. Храпко, У. М. Шваякова, I. С. Губіна, I. Р. Жулегі, В. I. Лівенцава, А. Г. Балахонава, Капаткевіцкі, М. П. Бумажкова, У. Ц. Шантара, Чацвяртнога, Вежнаўца (усяго 1 301 партызан).

У лістападзе 1941 — вясной 1942 г. у «гарнізоне» арганізаваны атрады Т. Ц. Жулегі, А. Е. Папругі, А. П. Пакуша (пазней атрад імя В. І. Чапаева 225‑й брыгады), А. Ф. Сарафанава.

Каб павялічыць радыус дзеянняў, вясной 1942 г. атрадам М. П. Бумажкова, М. Б. Храпко, У. М. Шваякова, У. Ц. Шантара, А. Г. Балахонава (пазней атрад П. Я. Ігуменава), В. І. Лівенцава, А. П. Пакуша дазволена дзейнічаць самастойна. У студзені 1943 г. атрады М. Б. Храпко, У. М. Шваякова, П. Я. Ігуменава ўвайшлі ў партызанскую брыгаду 37‑ю імя А. Я. Пархоменкі (пазней атрад П. Я. Ігуменава быў перададзены партызанскай брыгадзе 100‑й Глускай), атрады У. Ц. Шантара і А. П. Пакуша — у 99‑ю брыгаду (гл. партызанская брыгада 99‑я імя Д. Ц. Гуляева), з сакавіка 1943 г. — у партызанскай брыгадзе 225‑й, у лютым 1943 г. на базе атрада В. І. Лівенцава была створана партызанская брыгада 1‑я Бабруйская.

У маі 1942 г. на базе атрадаў, што засталіся ў «гарнізоне», створана брыгада Ф. I. Паўлоўскага (у лютым 1943 перайменавана ў 123‑ю брыгаду, са студзеня 1944 — 123‑я Акцябрская партызанская брыгада імя 25‑годдзя БССР). У сакавіку 1943 г. атрады I. С. Губіна і А. Ф. Сарафанава перададзены партызанскай брыгадзе 210‑й Капаткевіцкай. У кастрычніку 1943 г. атрады I. Р. Жулегі, Т. Ц. Жулегі і А. Е. Папругі перайменаваны адпаведна ў атрады імя 25‑годдзя ВЛКСМ, «За Радзіму» і «Смерць фашызму».

У ліпені 1941 г. партызаны пад камандаваннем Ц. П. Бумажкова і Ф. І. Паўлоўскага ва ўзаемадзеянні з браняпоездам разграмілі штаб нямецкай дывізіі ў в. Воземля Акцябрскага раёна, захапілі вялікія трафеі, у т. л. аператыўную карту штаба арміі з планам наступлення на гомельска-чарнігаўскім і арлоўскім напрамках, якую пераправілі камандаванню Чырвонай арміі (гл. Воземлянскі бой 1941 г.). У іншым баі разграмілі штаб варожай часці, якая размяшчалася ў пас. Глуша Бабруйскага раёна, захапілі 35 аўтамашын, 8 кулямётаў, шмат матацыклаў, знішчылі дзясяткі гітлераўцаў.

У лютым 1942 г. знішчылі падраздзяленне варожага будаўнічага батальёна, якое прыбыло аднавіць разбураны чыгуначны ўчастак у раёне станцыі Муляраўка (гл. Муляраўская аперацыя 1942 г.). Вясной і восенню 1942 г. вялі баі супраць карнікаў у раёне вёсак Лескі, Шкава, станцыі Рабкор у Акцябрскім раёне. У лістападзе 1942 г. удзельнічалі ў падрыве моста цераз р. Пціч (рух на чыгуначным участку Жыткавічы — Калінкавічы спынены на 18 сутак; гл. Пціцкая аперацыя 1942 г.), у снежні 1942 г. — чыгуначнага моста цераз р. Бобрык (гл. Бобрыцкая аперацыя 1942 г.). Разграмілі шмат гарнізонаў ворага, у т. л. у Капаткевічах (гл. Капаткевіцкі бой 1942 г.), Халопенічах, Муляраўцы, Азарычах (гл. Азарыцкі бой 1942 г.), Валосавічах, Шкаве, Бярозаўцы, Ламавічах (гл. Ламавіцкі бой 1942 г.).

Толькі на чыгуначным участку Карпілаўка — Ратміравічы ў жніўні і верасні 1943 г. разбурылі 20 км чыгуначнага палатна, знішчылі 7 мастоў. Правялі 7 лістапада паспяховы бой з аб’яднанай варожай групоўкай (акупанты вылучылі сілы з 8 гарнізонаў) і выйшлі з акружэння, выбілі гітлераўцаў з в. Гаць. У лістападзе 1943 г. праз лінію нямецкага фронту ўстанавілі сувязь з 37‑й і 60‑й стралковымі дывізіямі Чырвонай арміі, перадавалі ім звесткі разведкі, забяспечвалі праваднікамі. У лістападзе — снежні 1943 г. падарвалі 10 танкаў, 35 аўтамашын, спалілі 14 мастоў, пашкодзілі 6 км тэлефонна-тэлеграфных ліній.

Партызаны брыгады з мая 1942 г. і да канца студзеня 1944 г. утрымлівалі в. Рудабелка.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 26 чэрвеня і 5 ліпеня 1944 г., перад злучэннем уключала атрады «Чырвоны Кастрычнік», імя А. Ф. Kaваленкі, «За Радзіму», імя 25‑годдзя ВЛКСМ, «Смерць фашызму», у якіх налічвалася 609 партызан.

Камандзіры брыгады: Ф. І. Паўлоўскі, С. В. Маханько (выконваў абавязкі), І. М. Мярзляк; камісары: С. В. Маханько, С. І. Бацішчаў (выконваў абавязкі), Я. А. Татараў; начальнікі штаба: Р. І. Бар’яш, І. Р. Жулега, А. Р. Волкаў, Ф. А. Лосеў.

Арганізатарам партызанскага руху ў Палескай вобласці Ц. П. Бумажкову і Ф. І. Паўлоўскаму першым з савецкіх партызан у жніўні 1941 г. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У гонар брыгады і Акцябрскага падпольнага райкама КП(б)‌Б у г. п. Акцябрскі Гомельскай вобласці ў 1959 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.