Дата стварэння: 01.03.2023 14:30:46
Дата змены: 11.09.2024 14:47:52
Аза́рыцкі бой 1942 г.
Бой партызан атрадаў «Чырвоны Кастрычнік», А. Ф. Каваленкі, I. Р. Жулегі (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 123‑я Акцябрская імя 25‑годдзя БССР) і А. Ц. Міхайлоўскага (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 125‑я Капаткевіцкая) супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у в. Азарычы — цэнтры Даманавіцкага раёна Палескай вобласці — у час Вялікай Айчыннай вайны 17 лютага 1942 г.
У Азарычах размяшчаўся гарнізон ворага з 70 чалавек, знаходзіліся склады з хлебам, які прызначаўся для адпраўкі ў Германію. Знішчыўшы гарнізон у в. Валосавічы, партызаны накіраваліся да Азарыч. Атрад А. Ф. Каваленкі прыкрываў дарогу Кабыльшчына — Азарычы, а ўзвод атрада «Чырвоны Кастрычнік» — дарогу Азарычы — Валосавічы. У 7 гадзін раніцы атрады скрытна занялі заходнюю частку Азарыч, ударныя групы атакавалі каравульнае памяшканне праціўніка.
У выніку 3‑гадзіннага бою партызаны разграмілі гарнізон, знішчылі каля 40 салдат і афіцэраў, захапілі 2 станковыя і адзін ручны кулямёты, 35 вінтовак, каля 50 тыс. патронаў, раздалі насельніцтву 850 т збожжа. З боку партызан страт не было.
Кіраваў аперацыяй Герой Савецкага Саюза Ф. I. Паўлоўскі.