Дата стварэння: 28.12.2023 12:12:57
Дата змены: 10.07.2025 14:29:22
Партыза́нская брыга́да «Звязда́»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Горацкага, Дрыбінскага і Шклоўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Аршанскага і Дубровенскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Створана ў жніўні 1942 г. на базе Горацкага атрада (аформлены ў чэрвені 1942); на той момант у брыгадзе налічвалася 370 партызан.
Яшчэ ў лютым 1942 г. пачала дзейнічаць партызанская група А. В. Шульгіна — Д. Ф. Вайстрова, вясной — летам 1942 г. у выніку масавага сыходу ў лес падпольшчыкаў Горацкага і Шклоўскага раёнаў група вырасла да атрада. У пачатку жніўня ў раён па заданні ЦК КП(б)Б выйшаў невялікі атрад «Перамога», створаны ў савецкім тыле, і далучыўся да Горацкага атрада. У выніку Горацкі атрад перафарміраваны ў 2 самастойныя атрады, з якіх і была створана брыгада. Неўзабаве ў яе складзе былі арганізаваны яшчэ 2 атрады. У канцы верасня 1942 г. у сувязі з абмежаванымі магчымасцямі манеўравання ва ўмовах карных аперацый нямецка-фашысцкіх захопнікаў брыгада была разгрупавана на невялікія групы і атрад, агульнае кіраўніцтва якім ажыццяўляў Д. Ф. Вайстроў (з красавіка 1943 — М. I. Кітаеў).
Партызаны праводзілі баявыя аперацыі на чыгунцы Орша — Крычаў. У жніўні — верасні 1942 г. падарвалі 9 і абстралялі 3 эшалоны, разбурылі тэлефонна-тэлеграфную лінію Шклоў — Горкі — Дрыбін, знішчылі 17 аўтамашын. У кастрычніку 1942 г. — лютым 1943 г. правялі 16 баёў з карнікамі.
Вясной 1943 г. некалькі груп улілося ў атрад, які ў красавіку перабазіраваўся ў Чавускі раён і ў чэрвені ўвайшоў у партызанскі полк «Трынаццаць» як 4‑ы батальён. Гэты батальён у жніўні 1943 г. быў разгорнуты ў партызанскую брыгаду 17‑ю.
Камандзіры брыгады: М. I. Іўлеў, Д. Ф. Вайстроў (выконваў абавязкі); камісар П. Н. Савінаў; начальнік штаба Д. I. Тамашэўскі.