Дата стварэння: 02.03.2023 09:11:24
Дата змены: 11.09.2024 16:07:05
«Альто́на» (Аltоnа — прыгарад г. Гамбург у Германіі)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў у час Вялікай Айчыннай вайны супраць мясцовага насельніцтва і партызан, якія вырваліся з акружэння ў ходзе карнай аперацыі «Гамбург».
Праводзілася ў 2‑й палове снежня 1942 г. у Навамышскім, Быценскім і Ляхавіцкім раёнах Баранавіцкай вобласці, Целяханскім і Ганцавіцкім раёнах Пінскай вобласці сіламі 14‑га паліцэйскага палка СС, спецыяльнымі камандамі паліцыі бяспекі і СД, іншымі карнымі баявымі групамі.
Карнікі праследавалі партызан у кірунку Налібоцкай пушчы, адціскалі на ўсход і поўдзень, у раён Косава — Быцень. У загадзе групенфюрара СС генерал-лейтэнанта паліцыі К. фон Готберга ўказвалася: «Праз стараст і іншых падыходзячых асоб устанавіць асоб, якія спачуваюць партызанам, а таксама іншых падазроных асоб і знішчаць іх, як яўрэяў і цыган. Асобныя падраздзяленні... маюць права бязлітасна распраўляцца з асобамі і вёскамі, якія прыхільна ставяцца да ворага». На працягу тыдня гітлераўцы беспаспяхова спрабавалі акружыць і знішчыць партызан, а потым учынілі крывавую расправу над мірнымі жыхарамі.
Усяго ў ходзе карнай аперацыі «Альтона» гітлераўцы расстралялі і спалілі жывымі больш за тысячу дзяцей, жанчын і старых.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944) / Рэдкал.: У. М. Міхнюк (старшыня) [і інш.]. – Мінск: БелНДЦДААС, 1995.
Геноцид белорусского народа. Карательные операции: в 2 ч. Ч. 1 / Редкол.: под общей редакцией А. И. Шведа. – Минск: Беларусь, 2023.