Дата стварэння: 01.03.2023 15:12:31
Дата змены: 11.09.2024 14:50:23
«Га́мбург» («Hamburg»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх акупантаў супраць партызан i мясцовага насельніцтва ў трохвугольніку паміж гарадамі Ліда (Баранавіцкая вобласць, цяпер Гродзенская), Баранавічы, Ваўкавыск (Беластоцкая вобласць, цяпер Гродзенская) у міжрэччы рэк Нёман i Шчара на тэрыторыі Дзятлаўскага, Жалудоцкага, Зэльвенскага, Казлоўшчынскага, Лідскага, Мастоўскага, Навагрудскага, Слонімскага і Шчучынскага раёнаў Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобласці ў снежні 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Загад на правядзенне аперацыі быў аддадзены рэйхсфюрарам СС Г. Гімлерам i накіраваны ў 49 розных інстанцый рэйха i акупацыйнага апарата. Для ажыццяўлення аперацыі была сфарміравана «баявая група Готберга» (2‑i паліцэйскі полк, 15‑ы, 24‑ы, 115‑ы, 271‑ы паліцэйскія i ахоўныя батальёны, 23‑i паліцэйскі батальён, 2 батальёны вермахта, больш за 15 спецыяльных каманд паліцыі бяспекі i СД, падраздзяленняў жандармерыі, спецыяльных i артылерыйскіх рот i дывізіёнаў). Пачатку аперацыі папярэднічала старанная агентурная авіяцыйная і вайсковая разведка раёна баявыx дзеянняў. Камандны пункт кіраўніка аперацыі брыгадэфюрара СС і генерал-маёра паліцыі К. фон Готберга знаходзіўся ў Баранавічах. План аперацыі прадугледжваў наступленнем мабільных сіл з усходу i поўначы прыціснуць партызан i мясцовых жыхароў, якія адыходзілі з імі, да загараджальнай лініі каля сутокі Шчары i Нёмана i знішчыць.
Прасоўванне карнікаў да месца аперацыі, дзе ў той час знаходзіліся партызанскія атрады № 3649, № 54, Арлянскі i імя К. Я. Варашылава агульнай колькасцю 800 чалавек, пачалося 7 снежня. У час баявых дзеянняў 12–13 снежня пачала фарміравацца партызанская брыгада Ленінская, якая i прыняла на сябе удар асноўных сіл карнікаў.
Партызаны 13 снежня адбівалі атакі гітлераўцаў на подступах да вёсак Галынка i Дзярэчын; в. Вострава некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. У наступныя 3 дні партызаны стрымлівалі ворага на берагах Шчары, асабліва бязлітасныя бai iшлі каля вёсак Вялікая Воля Дзятлаўскага i Крупіцы (Воля-Крупіцы) Мастоўскага раёнаў. У ноч на 17 снежня партызаны, пазбегнуўшы акружэння, выйшлі ў раней намечаныя раёны.
У канцы снежня 1942 г. Г. Гімлер дакладваў А. Гітлеру: «Аперацыя “Гамбург” пад камандаваннем брыгадэфюрара СС фон Готберга закончана... Страты праціўніка склалі 5 172 чалавекі забітымі, з ix 1 674 забіты ў баях, 1 510 расстраляны па падазрэнні ў бандыцкай дзейнасці; 2 988 чалавек расстраляны як пасобнікі...» Гэта былі жанчыны, старыя i дзеці з вёсак Вялікая Воля (загублена 364 чалавекі), Гарадкі (336 чалавек), Трахімавічы (142 чалавекі) Дзятлаўскага раёна; Баяры (50 чалавек), Задвор’е (260 чалавек), Шчара (35 чалавек) Мастоўскага раёна; Васілевічы (270 чалавек), Вербалаты (40 чалавек), Ніз (296 чалавек), Паўлавічы (276 чалавек) Слонімскага раёна i інш.
У ходзе аперацыі акупанты захапілі 2 803 галавы буйной рагатай жывёлы, 562 свінні, 1,5 тыс. авец, 393 кані, 438 т зерня.
У 2‑й палове снежня гітлераўцы пасля перагрупоўкі ciл працягвалі аперацыю (кодавая назва «Альтона»).