ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ЛЕНІНСКАЯ, Баранавіцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ЛЕНІНСКАЯ

Дата стварэння: 05.05.2023 12:05:06

Дата змены: 02.06.2025 10:28:56


Партыза́нская брыга́да Ле́нінская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дзятлаўскага, Зэльвенскага, Мастоўскага, Жалудоцкага, Казлоўшчынскага, Васілішкаўскага, Шчучынскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.

Створана ў снежні 1942 г. на базе атрадаў: «Перамога» (арганізаваны ў маі 1942), імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў лютым 1942), «Барацьба» (арганізаваны ў маі 1942).

У студзені 1943 г. у брыгаду ўключаны атрады: 54‑ы (арганізаваны ў красавіку 1942) і «Іскра» (арганізаваны ў лістападзе 1942), у лютым 1943 г. атрад «Кастрычніцкі» (арганізаваны ў красавіку 1942).

У маі 1943 г. у брыгадзе арганізаваны атрад «Балтыец», у чэрвені 1943 г. — атрад «Непераможны», у ліпені 1943 г. атрад «Ленінскі», у снежні 1943 г. атрад «Чырвонагвардзейскі».

Атрад 54‑ы з лютага 1943 г. дзейнічаў самастойна, у лістападзе 1943 г. разам з атрадам імя М. І. Калініна перададзены для фарміравання партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава. У чэрвені 1943 г. на базе атрадаў імя К. Я. Варашылава, «Іскра», «Кастрычніцкі» і «Балтыец» створана партызанская брыгада імя С. М. Кірава Баранавіцкай вобласці, у снежні 1943 г. атрад «Перамога» разгорнуты ў партызанскую брыгаду «Перамога».

Партызаны разам з іншымі брыгадамі і атрадамі разграмілі варожыя гарнізоны ў в. Дзярэчын Зэльвенскага раёна, Руда Яварская (гл. Руда-Яварскія баі 1942, 1944 гг.) і Казлоўшчына Казлоўшчынскага раёна (цяпер гарадскі пасёлак у Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці), Некрашы́ Дзятлаўскага раёна. Вялі баі супраць карнікаў у снежні 1942 г. на р. Шчара і ў сакавіку 1943 г. падчас выхаду з акружэння ў Дубароўскіх лясах, у чэрвені 1944 г. — абарончыя баі разам з брыгадамі «Перамога» і імя К. Я. Варашылава. На чыгуначных лініях Баранавічы — Ліда, Ліда — Ваўкавыск, Баранавічы — Ваўкавыск толькі ў жніўні 1943 г. падарвалі ці пашкодзілі 9 эшалонаў, 5 чыгуначных мастоў, у аперацыі «Рэйкавая вайна» — больш за 450 рэек, папсавалі 5,5 км тэлеграфна-тэлефоннай лініі, падбілі танк, 4 аўтамашыны.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 15 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Барацьба», «Непераможны», «Ленінскі», «Чырвонагвардзейскі», у якіх змагаліся 1184 партызаны.

Камандзіры брыгады: Ф. М. Сінічкін, Б. А. Булат, Г. А. Шубін; камісар Р. В. Макараў; начальнікі штаба: Б. А. Булат, М. М. Пацалуеў, Г. А. Шубін.

Камандзірам брыгады Ф. М. Сінічкіну і Б. А. Булату прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У гонар атрада «Непераможны» ў 1967 г. каля в. Трахімавічы Дзятлаўскага раёна пастаўлена стэла і каля в. Паўлава Слонімскага раёна ва ўрочышчы Руда насыпаны Курган Бессмяротнасці.

У гонар атрада «Чырвонагвардзейскі» ў 1980 г. каля в. Шымкі Мастоўскага раёна пастаўлена стэла.