ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ К. Я. ВАРАШЫЛАВА, Баранавіцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ К. Я. ВАРАШЫЛАВА

Дата стварэння: 05.05.2023 12:06:26

Дата змены: 11.09.2024 14:20:24


Партыза́нская брыга́да імя́ К. Я. Варашы́лава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дзятлаўскага, Казлоўшчынскага, Жалудоцкага, Лідскага, Шчучынскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.

Створана ў лістападзе 1943 г. на базе атрадаў: імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў Лідскім раёне ў сакавіку 1942; у снежні 1942 да яго далучаны атрад 21‑ы, створаны ў 1941 Л. Лубянцом як група з ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне, у красавіку 1942 група была ўключана ў разведвальна-дыверсійны атрад Мурзіча, вылучана з яго як атрад 21‑ы у верасні 1942; адначасова ўзбуйнены атрад уключаны ў партызанскую брыгаду Ленінскую, у чэрвені — лістападзе 1943 уваходзіў у партызанскую брыгаду імя С. М. Кірава Баранавіцкай вобласці), імя М. І. Калініна (арганізаваны ў жніўні 1943) і імя Ф. Э. Дзяржынскага (арганізаваны ў красавіку 1942 у Слонімскім pаёне, да верасня 1943 называўся атрад 54‑ы). У сакавіку 1944 г. у брыгадзе сфарміраваны атрад імя П. К. Панамарэнкі.

Атрад імя К. Я. Варашылава ў снежні 1942 г. у складзе партызанскай брыгады Ленінскай удзельнічаў у прарыве блакады. Толькі ў жніўні 1943 г. на чыгуначных лініях Ліда — Баранавічы, Ліда — Масты яго байцы падарвалі больш за 600 рэек.

У снежні 1943 — лютым 1944 г. партызаны брыгады падарвалі 31 эшалон, 8 мастоў, знішчылі 16 аўтамашын, маёнтак, здзейснілі налёты на ваенныя аб’екты і гарнізоны ў г. п. Дзятлава і в. Зачэпічы. У час карнай аперацыі ворага супраць партызан Шчучынскай зоны ў чэрвені 1944 г. вялі абарончыя баі, у ноч на 11 чэрвеня прарвалі блакаду і выйшлі ў Гарадзішчанскі раён. У ліпені 1944 г. брыгада сумесна з артылерыйскім дывізіёнам Чырвонай арміі каля райцэнтра Казлоўшчына перарэзала ворагу шлях да адступлення, захапіла пераправу на р. Шчара.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 15 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя К. Я. Варашылава, імя М. І. Калініна, імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя П. К. Панамарэнкі, у якіх змагаліся 522 партызаны.

Камандзір брыгады П. К. Макараў; камісары: В. Я. Сашнёў (загінуў), М. М. Белякоў; начальнік штаба С. П. Дабравольскі.