ПАЛЕСКАЯ СЕЧ УКРАІНСКАЙ ПАЎСТАНЦКАЙ АРМІІ, бульбаўцы, узброенае фарміраванне ўкраінскіх нацыяналістаў у Вялікую Айчынную вайну
pdf

ПАЛЕСКАЯ СЕЧ УКРАІНСКАЙ ПАЎСТАНЦКАЙ АРМІІ

Дата стварэння: 28.12.2023 13:50:06

Дата змены: 11.09.2024 14:41:35


Пале́ская сеч Украі́нскай паўста́нцкай а́рміі (ПС УПА), бульбаўцы

Узброенае фарміраванне ўкраінскіх нацыяналістаў на тэрыторыі сумежных абласцей Украіны і Беларусі ў 1941–1944 гг. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Створана ў чэрвені 1941 г. на базе падпольнай арганізацыі «Украінскае нацыянальнае адраджэнне», якая з 1933 г. дзейнічала на тэрыторыі Украінскага і Беларускага Палесся.

Кіраўнік Т. Д. Баравец (мянушка Бульба).

Падтрымлівала кантакты з прадстаўнікамі беларускіх нацыяналістычных груповак М. А. Вітушкам, І. А. Ермачэнкам, У. Казлоўскім, У. Ф. Родзькам і інш.

Да лістапада 1941 г. супрацоўнічала з нямецкімі армейскімі спецслужбамі, выконвала паліцэйскія і ўладныя функцыі ў Алеўскім раёне Жытомірскай вобласці, дзе існавала т. зв. Алеўская рэспубліка, вяла барацьбу з савецкімі партызанамі. З прыходам на Палессе нямецкай цывільнай адміністрацыі восенню 1941 г. распушчана Т. Д. Бараўцом, але частка яе былых байцоў, паводле загаду гітлераўцаў, прыняла ўдзел у знішчэнні яўрэйскага насельніцтва г. Алеўск.

Зімой 1942 г. ПС УПА была адноўлена Т. Д. Бараўцом як партызанскае фарміраванне, якое змагалася супраць савецкіх партызан і падпольшчыкаў і супраць немцаў, час ад часу заключаючы нетрывалыя пагадненні аб часовым перамір’і і з тымі і з другімі, але ў цэлым арыентуючыся на ўзброены саюз з гітлераўцамі пры выкананні тымі пэўных умоў, на якія фашысты не пагаджаліся.

Імкнулася аб’яднаць у адзіную армію ўсе ўкраінскія антыкамуністычныя арганізацыі для барацьбы за адраджэнне Украінскай Народнай Рэспублікі 1917–1920 гг. як дэмакратычнай шматпартыйнай дзяржавы.

У ліпені 1943 г. Т. Д. Баравец перайменаваў ПС УПА ва Украінскую народна-рэвалюцыйную армію (УНРА). Апошняя ў жніўні 1943 г. была сілай зброі падпарадкавана Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН, кіраўнік С. А. Бандэра), якая стварыла сваю Украінскую паўстанцкую армію. Т. Д. Баравец пры спробе ўступіць у перамовы з нямецкімі ўладамі быў арыштаваны імі і вывезены ў Германію.


Літаратура
  1. Гуленка У. І. Палеская сеч Украінскай паўстанцкай арміі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 5: М—Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1999.

  2. ОУН-УПА в Беларуси, 1939–1953 гг.: документы и материалы / Редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Вышэйшая школа, 2012.

  3. Ткаченко С. Н. Повстанческая армия: тактика борьбы. – Минск: Харвест, 2000.

  4. Информация о деятельности украинской националистической армии «Сечь» и армии «Тараса Бульбы» на Волыни и Полесье и вооружённых столкновениях украинских националистов с поляками // Украинские националистические организации в годы Второй мировой войны: документы: в 2 т. Т. 1: 1939–1943 / Редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. – Москва: РОССПЭН, 2012.