Дата стварэння: 28.12.2023 12:07:06
Дата змены: 10.11.2025 11:50:08
Арганіза́цыя ўкраі́нскіх нацыяналі́стаў (АУН)
Палітычная партыя. Створана ў 1929 г. на тэрыторыі Заходняй Украіны, якая ўваходзіла ў склад Польшчы. Вяла тэрарыстычную дзейнасць супраць урада Польшчы, за што праследавалася апошнім. Адзін з лідараў АУН С. А. Бандэра двойчы быў прыгавораны да пакарання смерцю.
З пачаткам Другой сусветнай вайны АУН наладзіла цесныя сувязі з германскімі спецслужбамі, якія паабяцалі пасля «вызвалення Украіны ад бальшавікоў» прызнаць «самастойную саборную Украіну».
У час Вялікай Айчыннай вайны 30 чэрвеня 1941 г. у г. Львоў (Заходняя Украіна) без дадатковых узгадненняў з гітлераўцамі, якія ў гэты дзень акупіравалі горад, АУН абвясціла пра ўтварэнне «Украінскай самастойнай саборнай дзяржавы» і сфарміравала яе ўрад. У пачатку ліпеня 1941 г. германскія нацысты анулявалі гэты акт, а ў верасні і снежні правялі масавыя арышты і расстрэлы АУНаўцаў, нягледзячы на тое, што многія з іх знаходзіліся на адміністрацыйнай і паліцэйскай службе ў акупантаў. АУН раскалолася. Адна яе частка пад кіраўніцтвам А. А. Мельніка цалкам падпарадкавалася гітлераўцам, другая на чале з С. А. Бандэрам перайшла на нелегальнае становішча. С. А. Бандэра быў арыштаваны і з верасня 1941 г. да кастрычніка 1944 г. знаходзіўся ў германскіх канцлагерах. Абедзве групы АУН пастаянна вялі паміж сабой барацьбу, у т. л. узброеную.
На тэрыторыі Беларусі АУН дзейнічала ў Брэсцкай і Пінскай абласцях, уключаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў склад рэйхскамісарыята «Украіна». Разрозненыя ўзброеныя бандэраўскія фарміраванні, што размяшчаліся ў лесе, актыўных баявых дзеянняў супраць савецкіх партызан не вялі. У асобных выпадках яны дапамагалі партызанам разведвальнай інфармацыяй, па просьбе апошніх вызвалялі вязняў са створаных акупантамі турмаў, лагераў ваеннапалонных. Вызваленых людзей АУНаўцы, як правіла, залічвалі ў свае рады.
У адносінах да немцаў украінскія нацыяналісты займалі тактыку пасіўнай самаабароны, на тэрор адказвалі тэрорам, не дапускалі вывазу насельніцтва і маёмасці ў Германію, вялі агітацыйную работу супраць створаных на акупіраванай тэрыторыі органаў «самакіравання».
АУН варожа ставілася да польскай Арміі Краёвай (АК). Помсцячы за даваеннае прыгнечанне зямель Заходняй Украіны і праследаванне, АУН прымяняла да польскага насельніцтва тэрор. Не апошнюю ролю ў распальванні гэтай барацьбы адыграла ўключэнне гітлераўцамі Львова і ўсяго «дыстрыкта Галічына» ў склад генерал-губернатарства, утворанага на акупіраванай тэрыторыі Польшчы. Гэта, у сваю чаргу, адмоўна адбілася на ўзаемаадносінах савецкіх партызан і АК (у т. л. і на тэрыторыі Беларусі), якія да вясны 1943 г. былі параўнальна лаяльныя.
Канцэптуальна пазіцыя кіраўнікоў АУН змянілася летам 1943 г. На сваім III Вялікім Зборы (3–5 жніўня 1943) яны прыйшлі да канчатковага вываду пра непазбежнае паражэнне Германіі. У такой сітуацыі АУН лічыла, што канчатковай мэты — самастойнасці Украіны — можна дасягнуць толькі з дапамогай сваёй арміі, якая павінна выступіць у той момант, калі аслабленая Чырвоная армія будзе дабіваць гітлераўцаў у Берліне. З гэтага часу ўсе намаганні бандэраўцы скіравалі на адраджэнне Украінскай паўстанцкай арміі (УПА). Асабовы састаў УПА, які знаходзіўся на нелегальным становішчы, атрымаў загад аб выхадзе ў лес. Там арганізоўваліся спецыяльныя школы па падрыхтоўцы камандных кадраў, актыўна стваралася матэрыяльна-тэхнічная база. Для яе папаўнення байцы УПА нападалі на нямецкія склады, у абмен на зброю і боепрыпасы прапаноўвалі гітлераўцам адзенне, абутак, разведінфармацыю пра Чырвоную армію, савецкіх партызан і інш.
Каб зберагчы людзей, АУН распрацавала для УПА новую тактыку:
пасіўная самаабарона ў адносінах да акупантаў, супраціўленне якіх мусіла аслабіць Чырвоную армію;
ратаванне насельніцтва ад тэрору і вывазу ў Германію;
барацьба з савецкімі партызанамі, актыўныя антынямецкія дзеянні якіх, на думку кіраўніцтва АУН, вымушалі фашыстаў прымяняць тэрор у дачыненні да мірнага насельніцтва;
барацьба з камуністычным падполлем і тымі мельнікаўцамі, якія адмаўляліся ўступаць ва УПА.
Сетка канспіратыўных арганізацый і агентуры АУН ахоплівала практычна ўсе населеныя пункты, адміністрацыйныя і эканамічныя арганізацыі Заходняй Украіны і паўднёвых абласцей Беларусі. У сярэдзіне 1943 г. сілы і ўплыў АУН і камуністаў у гэтых раёнах былі амаль роўныя. Становішча змянілася пасля прыняцця АУН праграмы пасляваеннага будаўніцтва самастойнай Украіны без «бальшавіцкай эксплуататарска-прыгонніцкай калгаснай сістэмы» і «памешчыцка-капіталістычнай сістэмы». Як адзначалі германскія спецслужбы, АУН, выступаючы супраць існуючага ў СССР ладу, узяла на ўзбраенне ідэі сацыялізму, але прапаноўвала ўдасканаліць яго мадэль. Гэта быў тактычны ход. У 1952 г. рашэнні III Вялікага Збору былі скасаваны. Але менавіта прапаганда сацыялізму, дапоўненая выкрыццём злачынстваў сталіншчыны, забяспечыла бандэраўцам масавую падтрымку насельніцтва, асабліва сялянства. У той жа час камуністычнае падполле і яго кіраўніцтва на Украіне і Беларусі пад уздзеяннем перамог на фронце не ацанілі ўсёй сур’ёзнасці сітуацыі, якая была выклікана рашэннямі III Вялікага Збору АУН. У барацьбе з украінскімі нацыяналістамі падпольныя партыйныя органы Украіны і Беларусі зрабілі стаўку на ўзброеную сілу. У выніку ў стане ворага апынуліся і лаяльныя дагэтуль да савецкіх партызан бандэраўскія фарміраванні. Узмацненню канфрантацыі садзейнічалі і непрадуманыя мерапрыемствы савецкай грамадзянскай адміністрацыі, якая прыйшла ўслед за Чырвонай арміяй. Для кантролю над сітуацыяй яна таксама прымяняла грубую ўзброеную сілу.
Паводле дадзеных гітлераўскай разведкі, да лета 1944 г. толькі УПА налічвала ў сваіх радах не менш за 130 тыс. узброеных байцоў (па звестках бандэраўцаў, да канца 1944 — каля 500 тыс. чалавек).
Пасля вызвалення з канцлагера С. А. Бандэры ў кастрычніку 1944 г. пачаўся новы этап супрацоўніцтва АУНаўцаў з гітлераўцамі. За збор разведінфармацыі і дыверсійную дзейнасць у савецкім тыле С. А. Бандэра атрымаў магчымасць умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу УПА за кошт германскай арміі.
У дырэктыве С. А. Бандэры Галоўнаму Проваду (кіраўніцтву) АУН і штабу УПА гаварылася, што «пад уплывам бальшавіцкай рэчаіснасці менш стойкія элементы, безумоўна, у абсалютнай большасці пяройдуць на бок Саветаў. Яны ўдвая небяспечныя для нашай далейшай барацьбы... А таму трэба неадкладна і тайна ў імя вялікай нацыянальнай справы вышэйпамянёныя элементы АУН і УПА ліквідаваць...». Пры выкананні гэтай дырэктывы значная частка байцоў і камандзіраў УПА, найперш былых чырвонаармейцаў, была па-здрадніцку забіта сваімі ж паплечнікамі.
Ва ўкраінска-беларускіх адносінах пазіцыя АУН была цвёрдая. Бандэраўцы лічылі, што адносіны да беларусаў «павінны быць лаяльныя. Гэта — палітычная мэта. Мы павінны ім растлумачваць, што ворагі ўкраінцаў і беларусаў — немцы і бальшавікі. Беларусы павінны змагацца за сваю дзяржаву». Аднак у Беларусі не было рэальнай антысавецкай і адначасова антынямецкай падпольнай арганізацыі, аналагічнай АУН. Таму ў канцы 1942 — пачатку 1943 г. адбылося некалькі сустрэч-перагавораў паміж АУНаўцамі і старшынёй Цэнтральнай рады цалкам падкантрольнай акупантам Беларускай народнай самапомачы (БНС) I. А. Ермачэнкам, членам гэтай рады У. Казлоўскім і яшчэ адным калабарацыяністам (прозвішча невядома). Ад прапановы АУН ваяваць адначасова супраць Германіі і СССР кіраўніцтва БНС адмовілася, бо лічыла для сябе найбольш мэтазгодным і магчымым дамагацца ад нямецкіх улад уступак легальнымі ва ўмовах акупацыі спосабамі. Была дасягнута «дамоўленасць пра сумесную барацьбу супраць Саветаў». У выніку гэтай дамоўленасці пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў летам 1944 г. атрады УПА разам з бандамі мясцовых калабарацыяністаў, якія хаваліся ў лясах, разгарнулі на тэрыторыі рэспублікі масавы тэрор супраць партыйных, камсамольскіх, савецкіх работнікаў і ўсіх прыхільнікаў савецкай улады, вялі баявыя дзеянні супраць часцей Чырвонай арміі, мясцовых органаў і вайсковых фарміраванняў НКУС. Менавіта таму ў вачах беларускага насельніцтва бандэраўцы да нашага часу поўнасцю асацыююцца з нямецкімі памагатымі. Іх тэрор мірныя жыхары адчувалі на сабе да пачатку 1950‑х гг.
Паводле звестак Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС) БССР, да канца 1944 г. у Брэсцкай і Пінскай абласцях дзейнічала каля 250 АУНаўскіх груп і атрадаў, кожны з якіх налічваў ад 25 да 500 чалавек. Некаторыя раёны поўнасцю кантраляваліся бандэраўцамі. У Дзівінскім раёне Брэсцкай вобласці з УПА так ці інакш былі звязаны каля 3 тыс. чалавек. Асаблівую актыўнасць на тэрыторыі Беларусі праяўлялі атрады Дворкі, Ермака, Канапелькі, Арцемчука, Юшчыка, Саўчука і інш. У 1944–1946 гг. АУН — УПА здзейсніла на тэрыторыі Беларусі 2384 дыверсіі і тэрарыстычныя акты, у выніку якіх загінула 1012 чалавек, у т. л. 50 супрацоўнікаў НКУС, 8 афіцэраў, 28 салдат і сяржантаў Савецкай арміі, 171 партыйны і савецкі работнік, 298 іншых цывільных асоб.
Меры ў адказ органаў НКУС былі жорсткімі. У 1944–1946 гг. яны правялі 4596 аперацый супраць украінскага, польскага і беларускага антысавецкага падполля, у выніку якіх толькі ў 1946 г. было забіта 3766 і арыштавана 19 050 чалавек. З 15 студзеня да 20 лютага 1945 г. у Брэсцкай і Пінскай абласцях праведзена т. зв. чэкісцка-вайсковая аперацыя «па ліквідацыі контррэвалюцыйнага падполля, бандгруп мясцовага фарміравання, а таксама ліквідацыі банд УПА». Было акружана 839 населеных пунктаў, абшукана 48 799 двароў, праверана 165 137 чалавек, прачасана 12 тыс. км² лясоў і балот. Органы НКУС разграмілі 33 узброеныя групы і атрады, забілі 98 і арыштавалі 3808 чалавек; 55 чалавек здаліся ў палон.
Эфектыўнымі былі аперацыі і па стварэнні лжэбандэраўскіх груп. У 1945 г. толькі адна такая група (20 чалавек), створаная НКУС БССР, увайшла ў давер і знішчыла АУНаўскія атрады Трачуна і Грэчкі.
Вялася таксама актыўная работа па вярбоўцы агентаў і паведамляльнікаў. У 2‑й палове 1944 г. сярод мясцовых жыхароў іх было завербавана 4385 чалавек.
Паводле сведчанняў украінскага гісторыка В. А. Чумака, АУН за гады ўзброенай антысавецкай барацьбы страціла 150 тыс. чалавек забітымі, 170 тыс. трапілі ў палон і 75 тыс. здаліся добраахвотна.