Дата стварэння: 28.12.2023 13:50:41
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
Прыле́пскае парты́йна́-камсамо́льскае падпо́лле
Састаўная частка Мінскага партыйнага падполля. Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да снежня 1942 г. у Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці.
Створана па ініцыятыве камуніста I. Д. Будаева з камуністаў, камсамольцаў і беспартыйных патрыётаў вёсак Прылепскага сельсавета: Задомля, Прылепы і Прыстрамы. У розны час налічвала больш за 20 чалавек. Кіраўнікі — камуністы I. Д. Будаеў (ліпень — жнівень 1941) і П. I. Санковіч. Трымала цесныя сувязі з Мінскім падпольным гаркамам КП(б)Б, Варашылаўскім падпольным райкамам КП(б)Б Мінска, з партызанскімі групамі і атрадамі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Смалявіцкага, Лагойскага і Барысаўскага раёнаў, працавала па іх заданнях.
У арганізацыю ўваходзілі настаўнікі, школьнікі, былыя актывісты калгаса і сельсавета.
З дапамогай схаванага школьнага радыёпрыёмніка патрыёты запісалі прамову І. В. Сталіна ад 3 ліпеня 1941 г., прымалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, наладзілі збор зброі і боепрыпасаў. У падвале Прылепскай школы быў абсталяваны пункт харчавання для параненых чырвонаармейцаў. Па рашэнні партгрупы дырэктар школы Я. М. Ганчароў і камсамолец Д. П. Манулевіч былі накіраваны на работу ў валасную ўправу. Гэта дало магчымасць атрымаць доступ да пячатак, бланкаў і іншых дакументаў акупацыйных устаноў. У канцы жніўня 1941 г. І. Д. Будаеў пераехаў у Мінск, дзе наладзіў сувязь з гарадской падпольнай партыйнай арганізацыяй. Прылепскую арганізацыю ўзначаліў ветэрынарны фельчар П. І. Санковіч. Яна была своеасаблівым базавым перасылачным пунктам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б і Варашылаўскага падпольнага райкама КП(б)Б Мінска. Тут людзі, што ішлі з лесу ў Мінск, атрымлівалі неабходныя дакументы і прытулак, а што ішлі з Мінска ў партызанскія атрады — зброю. Сувязь падпольшчыкаў з горадам ажыццяўлялася праз камуніста П. I. Лучанка, камсамолку А. Ф. Бандарчык, настаўнікаў [В. С.] Бандарчык, Я. М. Ганчарова і інш. Падпольшчыкі аказвалі дапамогу Мінскаму падпольнаму гаркаму КП(б)Б прадуктамі, вывозілі з горада лістоўкі, шрыфты, зброю, боепрыпасы.
Акрамя забеспячэння партызанскіх атрадаў зброяй і боепрыпасамі, аказання дапамогі ваеннапалонным і мінскім падпольшчыкам члены Прылепскай арганізацыі прымалі актыўны ўдзел у баявой дзейнасці. Летам 1942 г. яны знішчылі мост цераз р. Усяжа на шашы Смалявічы — Лагойск, разграмілі малакапрыёмны пункт у в. Тадуліна. Восенню 1942 г. з дапамогай камсамолак А. Ф. Бандарчык і Н. В. Гараўскай партызаны разграмілі валасную ўправу ў Прылепах.
Пасля правалу Мінскага падполля ў верасні 1942 г. асноўная частка членаў Прылепскай арганізацыі пайшла да партызан. Тыя падпольшчыкі, што засталіся, працавалі па заданнях другога сакратара Смалявіцкага падпольнага райкама КП(б)Б П. І. Санковіча.
У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінулі С. А. Вашкевіч, Н. В. Гараўская, В. I. Давыдаў, П. I. Лучанок, А. I. Мрочак, А. Санковіч, П. I. Санковіч.