Дата стварэння: 28.12.2023 13:53:37
Дата змены: 11.09.2024 15:01:49
Шкло́ўскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала ў жніўні 1941 — лістападзе 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ў Шклоўскім pаёне Магілёўскай вобласці.
Складалася з арганізацый, якія налічвалі 13 падпольных груп, больш за 100 падпольшчыкаў, у т. л. 32 камуністы і 39 камсамольцаў. Групы, створаныя з рабочых, калгаснікаў, настаўнікаў, медыцынскіх работнікаў, студэнтаў, хатніх гаспадынь, спачатку дзейнічалі самастойна, да пачатку 1942 г. аб’ядналіся ў падпольныя арганізацыі. Важную ролю ў стварэнні падполля адыгралі ваеннаслужачыя Чырвонай арміі, якія засталіся ў тыле ворага ў выніку акружэння або ўцяклі з палону. Патрыёты падтрымлівалі сувязь з кіраўніцтвам Магілёўскага партыйна-камсамольскага падполля, камандаваннем партызанскай брыгады «Чэкіст», з лета 1943 г. працавалі пад кіраўніцтвам Шклоўскага падпольнага райкама КП(б)Б.
Падпольная арганізацыя Гарадзецкага і Славенскага сельсаветаў, якую ўзначальвалі камуністы камандзір Чырвонай арміі Іосіф Ф. Стукалаў, потым А. Я. Казлоў, аб’ядноўвала 5 падпольных груп: тры з іх у в. Любінічы (кіраўнікі Іосіф Ф. Стукалаў, А. Я. Казлоў, камуніст М. М. Юр’еў, камсамольцы В. Ц. Грыгор’еў, У. Ц. Гурынаў, Іван Ф. Стукалаў, беспартыйны А. П. Гелахаў), група Любініцкай МТС (камсамольцы П. I. Рыбакоў, Р. В. Міронаў), в. Лешча (в. Новая Лешча; В. М. Шалаеў).
У арганізацыю Старавадвянскага і Каменналаўскага сельсаветаў, якую ўзначальваў былы рабочы чыгуначнай станцыі Шклоў на лініі Магілёў — Орша С. Л. Шугалей, уваходзілі падпольныя групы на чыгуначнай станцыі Латва (кіраўнік Ф. С. Грышчанкаў) і ў в. Малы Міхайлоў (С. Л. Шугалей).
Арганізацыя «Патрыёт Радзімы», якую ўзначальваў камуніст капітан Чырвонай арміі М. М. Ляднёў (пасля яго гібелі — настаўнік А. А. Сякацкі), дзейнічала на тэрыторыі Таўкачоўскага, Чарнаруцкага і Вялікалазіцкага сельсаветаў, налічвала 6 груп: у в. Вялікія Лазіцы (кіраўнікі камандзір Чырвонай арміі М. П. Каржавін, камсамолец М. Ф. Галіноўскі), в. Гавяды (камуніст Г. А. Валаснёў і камсамолка П. А. Крынічка), в. Тударава (камуністы I. В. Кананыхін і Л. Р. Камісараў), в. Смятанічы (камуністы П. A. Красякоў і Р. А. Красякоў), в. Мерч (камуніст Ц. А. Герасімовіч), в. Зацішша (А. А. Сякацкі).
З першых дзён акупацыі камуністы і камсамольцы, беспартыйныя актывісты праводзілі гутаркі з насельніцтвам, распаўсюджвалі савецкія лістоўкі. Па радыё прымалі зводкі Саўінфармбюро, запісвалі і распаўсюджвалі іх. Радыёпрыёмнікі былі ў В. Ц. Грыгор’ева, П. І. Рыбакова, С. Л. Шугалея, Ц. А. Герасімовіча. Лістоўкі перадавалі на явачных кватэрах, якія ўтрымлівалі I. Д. Гуркін, Г. В. Бондарава (в. Любінічы), Б. А. Атрошчанка (в. Гавяды), А. Р. Красякоў, А. А. Сякацкі, Л. В. Кандраценка (в. Лазіцы). Явачныя кватэры адначасова служылі і складамі зброі. У доме І. Д. Гуркіна зброю рамантавалі. Патрыётамі Гарадзецкага і Славенскага сельсаветаў было сабрана і перададзена партызанам 2 станковыя, 9 ручных кулямётаў, 2 мінамёты, вялікая колькасць вінтовак і боепрыпасаў. Перавозілі зброю К. В. Рыбакова (Міронава) і М. I. Новікаў. Падпольшчыкі арганізацыі «Патрыёт Радзімы» перадалі партызанам і выкарысталі самі шмат зброі, патронаў. Устанавіўшы ў снежні 1941 г. праз падпольшчыка в. Зацішша А. I. Галісевіча сувязь з Магілёўскім падполлем, удзельнікі арганізацыі «Патрыёт Радзімы» атрымлівалі з горада зброю, боепрыпасы і перадавалі іх у брыгаду «Чэкіст». Для перавозкі зброі А. І. Галісевіч і Г. М. Андрэеў выкарыстоўвалі павозку з двайным дном.
У студзені 1942 г. любініцкія патрыёты Іосіф і Іван Стукалавы, М. I. Падчашанка на шашы Орша — Магілёў знішчылі нямецкую аўтамашыну. Падпольшчыкі вёсак Любінічы і Лешча (Новая Лешча) В. Ц. Грыгор’еў, П. С. Хамелеў, В. М. Шалаеў і П. М. Шалаеў, С. А. Шопін 24 мая 1942 г. разам з партызанамі разграмілі паліцэйскі ўчастак і маслазавод у в. Гарадзішча, праз тыдзень — у в. Фашчаўка. У 1941 г. браты Фёдар, Іван, Дзяніс Грышчанковы пусцілі пад адхон варожы эшалон, узарвалі каля в. Малы Міхайлоў 2 аўтамашыны. У красавіку 1942 г. патрыёты в. Малы Міхайлоў спалілі ў в. Латва́ (Лотва) сепаратарны пункт. Я. М. Снытко ўзарваў машыннае аддзяленне Латвянскага цагельнага завода. Да канца 1942 г. братамі Грышчанковымі на чыгунцы Шклоў — Магілёў было ўзарвана 3 паравозы, 13 вагонаў, знішчаны 2 цыстэрны з бензінам. У кастрычніку 1941 г. падпольшчыкі в. Смятанічы на чале з П. А. Красяковым пусцілі пад адхон паравоз і 2 вагоны, у лістападзе — снежні 1941 г. група в. Мерч з засады на дарозе знішчыла 8 варожых салдат. Рэгулярна рабілі дыверсіі патрыёты вёсак Гавяды, Тударава, Зацішша: падпільвалі тэлеграфныя слупы, рвалі тэлефонную сувязь, разбіралі драўляныя масты.
Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партызанамі, перадавалі ім звесткі аб праціўніку, зброю, боепрыпасы, харчы. Сувязнымі былі Б. А. Атрошчанка, М. Ф. Галіноўскі, А. І. Галісевіч, Ц. А. Герасімовіч, сёстры В. К. Данільчанка і М. К. Данільчанка, Ф. I. Казлоў, Л. В. Кандраценка, А. А. Сякацкі, У. I. Янчэўскі і інш.
У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі А. П. Гелахаў, В. Ц. Герасімовіч, X. Ц. Герасімовіч, I. Д. Гуркін, А. Я. Казлоў, А. Р. Красякоў, В. Д. Кулікова, М. М. Ляднёў, А. Я. Маргуноў, Р. В. Міронаў, К. I. Новікаў, М. I. Новікаў, М. I. Падчашанка, А. Ф. Стукалава, А. А. Сякацкая, А. А. Сякацкі, М. М. Юр’еў.