ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 25-я ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ, Мінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 25‑я ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ

Дата стварэння: 29.01.2024 12:01:29

Дата змены: 05.03.2025 09:07:53


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА   25-я ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ, Мінскай вобласці

Брыгадная майстэрня па вырабе гранат і пераробцы патронаў. 1943 г.

Партыза́нская брыга́да 25‑я імя́ П. К. Панамарэ́нкі

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Любанскага раёна Мінскай вобласці, Жыткавіцкага і Капаткевіцкага раёнаў Палескай вобласці.

Створана ў студзені 1943 г. загадам па партызанскім злучэнні Мінскай і Палескай абласцей на базе атрадаў: А. I. Далідовіча (пазней імя Я. Д. Гарбачова — аднаго з арганізатараў партызанскага руху ў Мінскай вобласці, які па-геройску загінуў у баі; атрад арганізаваны ў ліпені 1941), I. I. Чарнышова (пазней імя М. Ф. Сільніцкага, арганізаваны ў красавіку 1942), Р. I. Плышэўскага (пазней імя Аляксандра Неўскага, арганізаваны ў чэрвені 1942), а таксама партызанскай групы К. М. Дзяшковіча (пры фарміраванні брыгады пераўтворана ў атрад імя М. І. Кутузава). Пазней арганізаваны атрады: у сакавіку 1943 г. — імя Кастуся Каліноўскага, у красавіку 1943 г. — «Камсамолец», у ліпені 1943 г. — Баяніцкі.

Баявыя аперацыі партызаны праводзілі на варожых камунікацыях Слуцк — Асіповічы, Жыткавічы — Калінкавічы і інш.

Атрад А. І. Далідовіча ўдзельнічаў у разгроме варожага гарнізона ў г. п. Любань 7 лістапада 1941 г. (гл. Любанскі бой 1941 г.), атрад імя Я. Д. Гарбачова — у рэйдзе на тэрыторыі Мінскай, Палескай і Пінскай абласцей у сакавіку 1942 г., атрады імя М. Ф. Сільніцкага і імя Аляксандра Неўскага — у знішчэнні мастоў праз рэкі Пціч (у ноч з 2 на 3 лістапада 1942) і Бобрык (9 снежня 1942) на чыгуначнай лініі Калінкавічы — Лунінец (гл. Пціцкая аперацыя 1942 г. і Бобрыцкая аперацыя 1942 г.).

У лютым — сакавіку 1943 г., студзені — лютым 1944 г. партызаны брыгады вялі баі з карнікамі, 10–13 сакавіка 1943 г. разбурылі чыгуначную лінію Старушкі — Урэчча (цяпер не існуе) на ўчастку Старушкі — Сосны, 29–30 мая 1943 г. чыгуначную лінію Калінкавічы — Лунінец на ўчастку Жыткавічы — Старушкі, 11 красавіка 1944 г. разграмілі варожы гарнізон у в. Сосны Любанскага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Я. Д. Гарбачова, імя М. Ф. Сільніцкага, імя Аляксандра Неўскага, імя М. І. Кутузава, імя Кастуся Каліноўскага, «Камсамолец», Баяніцкі, у складзе якіх змагаліся 1 473 партызаны.

Камандзір брыгады А. І. Далідовіч, камісар A. А. Баравік, начальнік штаба А. Ф. Лескін.

На месцы дыслакацыі штаба брыгады, Мінскага падпольнага абкама КП(б)‌Б і Любанскага падпольнага райкама КП(б)‌Б на востраве Зыслаў у Любанскім раёне Мінскай вобласці створаны мемарыяльны комплекс «Зыслаў».