Дата стварэння: 15.02.2024 14:33:10
Дата змены: 15.05.2025 15:22:25
Партыза́нская брыга́да «Стары́»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.
Створана ў жніўні 1942 г. на базе атрадаў «Стары» (пазней «За Радзіму»), А. I. Тамашэвіча (пазней «За Бацькаўшчыну»), «Беларусь», «Бальшавік». У лістападзе 1942 г. у брыгаду ўключаны атрад «Смерць фашызму». У снежні 1942 г. атрад «За Бацькаўшчыну» перададзены брыгадзе «Дзядзькі Колі» (гл. Партызанская брыгада «Граза»), атрад «Беларусь» вылучаны з брыгады і перабазіраваны ў Рудзенскі раён, дзейнічаў самастойна. У красавіку 1943 г. арганізаваны атрад імя К. Я. Варашылава.
Баявыя аперацыі партызаны праводзілі на аўтадарогах Крупкі — Смалявічы, Барысаў — Зембін і інш. Да канца 1942 г. падарвалі больш за 10 варожых эшалонаў, 13 мастоў, пашкодзілі больш за 13 км тэлефонна-тэлеграфных ліній, спалілі 4 прадпрыемствы, 4 вайсковыя склады. Нападалі на варожыя гарнізоны ў вёсках Неманіца, Зачысце, Барань, Кішчына Слабада, Жыцькава, Кастрыца, Траянаўка Барысаўскага раёна, в. Красналукі (з асобным атрадам «Гвардзеец») Халопеніцкага раёна. У лютым 1943 г. удзельнічалі ў баях з карнікамі, выратавалі ад знішчэння жыхароў в. Баранскія Пруды Барысаўскага pаёна.
Брыгада расфарміравана 8 мая 1943 г., на той момант у ёй налічвалася 213 партызан. Атрады дзейнічалі як асобныя. Атрад «Смерць фашызму» ў ліпені 1943 г. разгорнуты ў партызанскую брыгаду «Смерць фашызму», атрады «За Радзіму» і імя К. Я. Варашылава разам з атрадам «Гвардзеец» у студзені 1944 г. аб’яднаны ў партызанскую брыгаду імя П. К. Панамарэнкі (Мінскай вобласці, камандзір Ф. С. Харланаў).
Камандзіры брыгады: В. С. Пыжыкаў (Уладзіміраў, «Стары»), I. З. Рабышаў (выконваў абавязкі); камісары: Б. Р. Бывалы, Я. Я. Ліхтэр; начальнікі штаба: І. З. Рабышаў (выконваў абавязкі), М. А. Курачкін (выконваў абавязкі), Я. У. Чумакоў.