ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА БАГУШЭЎСКАЯ, 1‑га складу, Віцебскай вобласці
pdf
ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА БАГУШЭЎСКАЯ, 1‑га складу, Віцебскай вобласці

Помнік у гонар партызанскіх атрадаў В. У. Бойкі і К. С. Заслонава ў вёсцы Сафіёўка Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА БАГУШЭЎСКАЯ

Дата стварэння: 15.02.2024 14:34:11

Дата змены: 11.09.2024 15:01:30


Партыза́нская брыга́да Багушэ́ўская 1‑га складу

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Багушэўскага, Аршанскага і Гарадоцкага раёнаў Віцебскай вобласці.

Да жніўня 1942 г. брыгада В. У. Бойкі (брыгада «Баці»).

Створана 12 чэрвеня 1942 г. у Багушэўскім раёне на базе атрадаў: В. У. Бойкі (у варожым тыле з лютага 1942, у складзе брыгады атрад 1‑ы), імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў маі 1942, у складзе брыгады 2‑і імя К. Я. Варашылава), імя А. В. Суворава (арганізаваны ў маі 1942, у складзе брыгады 3‑i імя А. В. Суворава), I. I. Кржасінскага (сфарміраваны ў кастрычніку 1941 — сакавіку 1942, у складзе брыгады 4‑ы) і П. I. Кірылава (арганізаваны ў маі 1942, у складзе брыгады 5‑ы). У ліпені 1942 г. у склад брыгады ўвайшоў атрад Б. Ц. Гарнака (арганізаваны ў ліпені 1942, у складзе брыгады 6‑ы).

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Віцебск — Орша, Орша — Смаленск, шашэйных і грунтавых дарогах, разграмілі апорныя пункты ворага ў вёсках Буда і Клюкаўка Багушэўскага раёна. У ліпені 1942 г. удзельнічалі ў баях каля возера Ардышэва.

У жніўні 1942 г. у ходзе цяжкіх баёў з карнікамі атрад 6‑ы быў рассеяны на групы, атрад 1‑ы выйшаў за лінію фронту, атрады 3‑і імя А. В. Суворава, 4‑ы і 5‑ы (перайменаваны ў 1‑ы) перайшлі ў Гарадоцкі раён, атрад 2‑і імя К. Я. Варашылава выйшаў у Аршанскі раён, дзейнічаў самастойна, у лістападзе 1942 г. быў уключаны ў брыгаду імя К. С. Заслонава (гл. Партызанская брыгада 1‑я імя К. С. Заслонава).

У пачатку снежня 1942 г. распараджэннем Віцебскага падпольнага абкама КП(б)‌Б брыгада была ўмацавана арганізацыйна і байцамі з іншых брыгад і мясцовага насельніцтва. У студзені 1943 г. вяла баі каля в. Паддуб’е Суражскага pаёна. У лютым — сакавіку 1943 г. партызаны ўдзельнічалі ў цяжкіх баях з карнікамі, панеслі вялікія страты.

Брыгада выйшла ў савецкі тыл 10 сакавіка 1943 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 3‑і імя А. В. Суворава, 4‑ы, у якіх налічвалася 125 партызан; пазней расфарміравана.

Камандзіры брыгады: В. У. Бойка, П. І. Кірылаў, М. П. Крэсік (загінуў); камісары: В. А. Манохін, С. А. Дзятлоўскі, А. К. Стэльмах; начальнікі штаба: М. К. Вайцяхоўскі, В. П. Лаўкоў.

У гонар брыгады ў в. Гаркава Віцебскага раёна ў 1960 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, у гонар атрадаў В. У. Бойкі і К. С. Заслонава ў в. Сафіёўка Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў 1962 г. пастаўлены помнік.