Дата стварэння: 15.02.2024 14:39:27
Дата змены: 20.06.2025 10:14:32
Партыза́нскі атра́д І. Ф. Бяля́ева
Дзейнічаў на акупіраванай тэрыторыі Горацкага раёна Магілёўскай вобласці і Багушэўскага раёна Віцебскай вобласці.
Створаны 13 ліпеня 1941 г. у савецкім тыле. Пра гэта паведамлялася ў данясенні ад 29 ліпеня 1941 г. начальніка палітаддзела 13‑й арміі брыгаднага камісара П. І. Крайнова начальніку палітычнага ўпраўлення Заходняга фронту (13 ліпеня 1941 г. створаны атрад колькасцю 140 чалавек пад камандаваннем малодшага лейтэнанта І. Ф. Бяляева, які быў накіраваны ў раён г. Горкі). Атрад быў падзелены на 10 груп, у кожную былі накіраваны вопытныя і энергічныя палітработнікі. Атрад І. Ф. Бяляева паспяхова дзейнічаў ў зададзеным раёне. Ён меў на ўзбраенні вінтоўкі, гранаты і бутэлькі з гаручай сумессю. Атрадам было знішчана 38 нямецкіх салдат і афіцэраў, захоплены трафеі — вінтоўкі, аўтаматы, патроны.
У жніўні атрад І. Ф. Бяляева перайшоў у Багушэўскі раён і наладзіў сувязь з мясцовымі партызанамі пад камандаваннем сакратара Багушэўскага падпольнага райкама КП(б)Б А. К. Стэльмаха і атрадам капітана П. С. Гапонцава. Быў створаны адзіны штаб кіраўніцтва, у які ўвайшлі сакратары Багушэўскага райкама партыі А. К. Стэльмах, П. П. Макаранка і Я. М. Прахарэнка і камандаванне атрадаў. На ўзбраенні атрады мелі станковыя і ручныя кулямёты, пісталеты-кулямёты і ўзрыўчатку.
З 4 на 5 верасня 1941 г. разам з Багушэўскім партызанскім атрадам партызаны ўдзельнічалі ў нападзе на камендатуру г. п. Багушэўск (гл. Багушэўскі бой 1941 г.). У канцы 1941 г. атрад выйшаў за лінію фронту.
Камандзір I. Ф. Бяляеў.