Дата стварэння: 04.03.2024 16:14:30
Дата змены: 21.07.2025 09:03:21
Бяро́заўскі падпо́льны райка́м КП(б)Б
Бярозаўскі падпольны раённы камітэт КП(б)Б.
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
Са снежня 1943 г. працаваў пад кіраўніцтвам Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б.
Рашэннем Цэнтральнага камітэта КП(б)Б яшчэ 24 чэрвеня 1943 г. сакратаром Бярозаўскага падпольнага райкама быў прызначаны С. А. Яроцкі, але да восені 1943 г. ён знаходзіўся ў Бярэзінскім раёне Магілёўскай вобласці.
Райкам узначальваў падпольную і партызанскую барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праводзіў палітычную і арганізатарскую работу сярод насельніцтва раёна.
Базіраваўся ў партызанскім атрадзе 345‑м пасля яго пераходу з Бярэзінскага раёна Магілёўскай вобласці ў Бярозаўскі раён, завершанага 20 снежня 1943 г. Поўнасцю склад райкама быў укамплектаваны 7 лютага 1944 г.
Друкаваным органам райкама з’яўлялася падпольная раённая газета «Пламя».
Скасаваны 12 ліпеня 1944 г.
Сакратары райкама: С. А. Яроцкі (да 10.6.1944, адначасова камандзір 345‑га партызанскага атрада; выбыў за лінію фронту), В. М. Яроцкі (з 10.6.1944, адначасова камісар 345‑га партызанскага атрада); члены райкама: С. Н. Бельскі, Ф. А. Бяляеў (адначасова камісар атрада імя М. І. Калініна партызанскай брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага Брэсцкай вобласці), В. М. Буры, Б. М. Вінаградаў (адначасова камандзір атрада імя А. І. Калупаева партызанскай брыгады «Савецкая Беларусь» Брэсцкай і Пінскай абласцей), А. Я. Царыкаў, В. М. Яроцкі (да 10.6.1944).