Дата стварэння: 04.03.2024 16:26:10
Дата змены: 11.09.2024 14:59:46
Партыза́нская брыга́да імя́ М. I. Калі́ніна
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Мёрскага (Міёрскага) раёна Вілейскай вобласці.
Створана 12 красавіка 1944 г. на базе атрадаў 1‑га (арганізаваны ў партызанскай брыгадзе 2‑й Ушацкай імя П. К. Панамарэнкі) і 2‑га (арганізаваны ў партызанскай брыгадзе імя В. I. Чапаева Віцебскай вобласці); абодва былі арганізаваны ў жніўні 1943 г., у кастрычніку 1943 г. перадыслацыраваны ў Мёрскі раён. Адначасова пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрад 3‑і.
Партызаны ў кастрычніку 1943 г. спалілі ўсе масты на бальшаку Германавічы — Дзісна. У лістападзе паспяхова правялі засадны бой супраць карнага атрада варожага гарнізона ў Дзісне, які накіроўваўся на барацьбу з партызанамі. У лютым 1944 г. напалі на гарнізон у в. Лужкі, у маі 1944 г. вялі баі супраць карнай экспедыцыі. Удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначным участку Навадруцк — Варапаева.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, у якіх налічвалася 186 партызан, і прыняла ўдзел у вызваленні Мёр (Міёр) 4 ліпеня 1944 г.
Камандзір брыгады Ф. Н. Гаўрыленка, камісар М. А. Клімянок, начальнік штаба: М. М. Чупрак.
У г. Мёры (Міёры) ў 2022 г. адкрыты помнік-ратонда ў гонар воінаў і партызан — вызваліцеляў горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; адна з мемарыяльных дошак на помніку прысвечана партызанскай брыгадзе імя М. І. Калініна.