ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 2‑я УШАЦКАЯ ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 2‑я УШАЦКАЯ ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ

Дата стварэння: 17.08.2023 13:53:16

Дата змены: 11.09.2024 15:14:24

Партыза́нская брыга́да 2‑я Уша́цкая імя́ П. К. Панамарэ́нкі

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ушацкага і Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Створана ў ліпені 1943 г. на базе вылучаных партызанскай брыгадай «Смерць фашызму» (пазней партызанская брыгада імя В. I. Чапаева Віцебскай вобласці) атрадаў імя С. М. Кірава (арганізаваны ў маі 1942), імя В. І. Чапаева і імя Я. М. Свярдлова (арганізаваны ў верасні 1942), імя В. С. Грызадубавай і імя Л. М. Даватара (арганізаваны ў чэрвені 1943). Пры фарміраванні брыгады ў ліпені 1943 г. арганізаваны атрады імя А. В. Суворава, імя Ю. А. Галоўчанкі (начальнік штаба атрада, загінуў у баі 25.7.1943), «За Радзіму», С. Я. Косава. У жніўні 1943 г. атрад С. Я. Косава вылучаны з брыгады і накіраваны ў Вілейскую вобласць (пазней 1‑ы атрад партызанскай брыгады імя М. I. Калініна Вілейскай вобласці). У лістападзе 1943 г. створаны атрад 9‑ы.

Партызаны ўчынялі дыверсіі на чыгунках, шашэйных і грунтавых дарогах у раёне дыслакацыі. У ліпені — жніўні 1943 г. разграмілі варожы гарнізон у в. Бачэйкава (гл. Бачэйкаўскія баі 1943 г.) Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, напалі на гарнізон у в. Пышна (гл. Пышнянскія баі 1943 г.) Лепельскага раёна, удзельнічалі ў Лепельскай аперацыі 1943 г. (гл. таксама Лепельскі бой 1943 г.), разграмілі ў студзені — лютым 1944 г. фашысцкія гарнізоны ў вёсках Поплаўкі, Аўгустова, Сукнеўшчына Лепельскага раёна. Вялі ў лютым 1944 г. абарончыя баі каля в. Кісялёва Ушацкага раёна, у красавіку і маі 1944 г. удзельнічалі ў баях супраць карнай экспедыцыі праціўніка на тэрыторыі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, утрымлівалі абарону на ўчастках вёсак Стараселле (Лепельскі раён) — Вацлавова (Ушацкі раён), Завыдрына — Істопішча — Жары, Слабада — Кавалеўшчына — Завячэлле, каля вёсак Вялічкаўцы, Гара, Кублішчына Ушацкага раёна. У час аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгунцы Полацк — Маладзечна падарвалі больш за 5 тыс. рэек.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй у ліпені 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. І. Чапаева, імя С. М. Кірава, імя Я. М. Свярдлова, імя В. С. Грызадубавай, імя Л. М. Даватара, імя А. В. Суворава, імя Ю. А. Галоўчанкі, «За Радзіму», 9‑ы; у іх складзе змагаліся 1 033 партызаны.

Камандзір брыгады М. В. Уткін, камісар М. А. Цябут, начальнік штаба А. I. Вілюгін.

Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад. У в. Рубанікі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці на доме, дзе размяшчаўся штаб брыгады, у 1976 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.