Дата стварэння: 05.03.2024 09:17:21
Дата змены: 11.09.2024 14:20:25
«Наро́дный мсти́тель»
Газета, орган Дзісенскага падпольнага райкама КП(б)Б Вілейскай вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Паводле ўспамінаў былога наборшчыка С. С. Коўзана, газета пачала выходзіць у лістападзе 1943 г. ва ўласнай друкарні. Неабходнае для яе арганізацыі абсталяванне (каса са шрыфтам, валікі і іншыя прадметы) было вынесена падпольшчыкамі з Глыбоцкай акруговай друкарні пры дапамозе яе дырэктара І. В. Нямірскага і перададзена ў партызанскую брыгаду 4‑ю Беларускую.
Вядома 7 нумароў (№ 23, 25–30) за перыяд з 23 лютага да 29 мая 1944 г. на рускай мове. Нумар 23 газеты за 23 лютага 1944 г. выйшаў пад назвай «Кліч партызана». Тыраж складаў 300–350 экзэмпляраў. Рэдактар А. С. Іваноў.
Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад назвай «За Родину». З 1945 г. мела назву «Новае жыццё». Друкавалася як орган Дзісенскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных Полацкай (з верасня 1944), пасля Маладзечанскай (са студзеня 1954) вобласці. Выданне спынена на № 79 за 3 кастрычніка 1959 г. у сувязі са скасаваннем Дзісенскага раёна.