«СЦЯГ СВАБОДЫ»

Дата стварэння: 05.03.2024 09:37:08

Дата змены: 15.03.2024 08:47:19


«Сцяг свабо́ды»

Газета, орган Мірскага падпольнага райкама КП(б)‌Б Баранавіцкай вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Рэдакцыя газеты і друкарня размяшчаліся ў Налібоцкай пушчы каля в. Антанёва Мірскага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці). Вядомы 21 нумар (№ 3–24) за перыяд з 15 лютага да 6 чэрвеня 1944 г., пераважна на беларускай мове. Асобныя нумары (№ 4, 6/7, 14) і часткова тэкст іншых нумароў на рускай мове. Тыраж складаў 250–500 экзэмпляраў. Рэдактары: В. А. Хілімонаў (да красавіка 1944), І. К. Кузняцоў, I. А. Брыль. Выпускала антыфашысцкі сатырычны лісток «Партызанскае жыга́ла».

Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад той жа назвай да 28 красавіка 1962 г. Пасля перапынку ў выданні газеты была адноўлена 6 красавіка 1965 г. пад назвай «Полымя», друкавалася як орган Карэліцкага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977) Гродзенскай вобласці.

Раённая газета, выходзіць пад назвай «Полымя» 2 разы на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт, рэдакцыя газеты.