Дата стварэння: 15.03.2024 10:47:40
Дата змены: 11.09.2024 14:45:00
Партыза́нская брыга́да «25 гадо́ў БССР»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Гарадзішчанскага і Карэліцкага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Створана ў снежні 1943 г. загадам упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху на базе вылучаных партызанскай брыгадай Першамайскай Баранавіцкай вобласці атрадаў «Грозны» (створаны ў красавіку 1942), імя Р. І. Катоўскага (створаны ў ліпені 1942) і імя С. М. Будзённага (створаны ў кастрычніку 1943); пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрад «25 гадоў БССР».
Партызаны ў студзені 1944 г. на чыгуначнай лініі Баранавічы — Ліда падарвалі 8 эшалонаў, у чэрвені — 10 эшалонаў, 4 чыгуначныя масты. У чэрвені 1944 г. падарвалі 315 рэек. Вялі баі супраць гарнізонаў і апорных пунктаў ворага. У маі 1944 г. у час карнай экспедыцыі ўдзельнічалі ў прарыве варожага акружэння. У пачатку ліпеня 1944 г. з часцямі Чырвонай арміі ўдзельнічалі ў вызваленні в. Дварэц Дзятлаўскага раёна Баранавіцкай вобласці.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 10 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Грозны», імя Р. І. Катоўскага, імя С. М. Будзённага, «25 гадоў БССР», у якіх змагаліся 811 партызан.
Камандзір брыгады Б. А. Мічурын, камісар П. I. Смірноў, начальнік штаба С. В. Курзін.
У гонар брыгады «25 гадоў БССР» і шэрага іншых партызанскіх фарміраванняў, якія дзейнічалі ў наваколлі, у аграгарадку Ярэмічы Карэліцкага pаёна Гродзенскай вобласці ў 1979 г. пастаўлена стэла.