pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 252‑і

Дата стварэння: 15.03.2024 10:51:32

Дата змены: 21.07.2025 09:03:21


Партыза́нскi атра́д 252‑і

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці, Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці і Крупскага раёна Мінскай вобласці.

Створаны ў красавіку 1943 г. па ўказанні Рагачоўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б як падначалены райкаму Рагачоўскі спецатрад на базе вылучанай з атрада 255‑га (гл. Партызанскі полк 255‑ы) яго 2‑й роты. У канцы лістапада 1943 г. перабазіраваўся з Рагачоўскага ў Клічаўскі раён, застаючыся ў падначаленні Рагачоўскаму падпольнаму райкаму КП(б)‌Б. Перайменаваны 12 сакавіка 1944 г. у атрад 252‑і і ўключаны ў склад Рагачоўскай ваенна-аператыўнай групы.

Партызаны атрада на чыгуначным участку Жлобін — Цялуша пусцілі пад адхон 6 варожых эшалонаў, падарвалі каля 60 рэек, на чыгунцы Рагачоў — Жлобін узарвалі эшалон з гаручым. У маі — ліпені, кастрычніку — лістападзе 1943 г., лютым, маі 1944 г. удзельнічалі ў баях з карнікамі за выхад з акружэння. У лютым 1944 г. у в. Аннаўка Рагачоўскага раёна знішчылі склад з боепрыпасамі і аўтамабільнымі рухавікамі.

Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант у ім налічвалася 220 партызан.

Камандзір атрада I. М. Парываеў; камісары: I. Ц. Зуевіч, П. М. Рэйдзер, A. К. Іванюк; начальнікі штаба: В. I. Шаўчэнка, Л. Ц. Казлоўскі.