pdf

ПАРТЫЗАНСКІ ПОЛК 255-ы

Дата стварэння: 28.09.2023 16:25:39

Дата змены: 15.05.2025 15:00:52


Партыза́нскі полк 255‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Рагачоўскага і Жлобінскага раёнаў Гомельскай вобласці, Быхаўскага, Кіраўскага, Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Крупскага раёна Мінскай вобласці.

Створаны ў лістападзе 1943 г. на базе партызанскага атрада 255‑га.

Атрад быў сфарміраваны ў красавіку 1942 г. на базе групы А. А. Бірукова і М. К. Марусава (дзейнічала з лістапада 1941 у Быхаўскім раёне), у ліпені 1942 г. атрад М. К. Марусава ўстанавіў сувязь з Клічаўскім аператыўным цэнтрам, быў перайменаваны ў атрад 255‑ы, адначасова да яго быў далучаны Рагачоўскі партызанскі атрад (дзейнічаў са жніўня 1941 у Рагачоўскім раёне; у кастрычніку 1941 частка атрада пакінула раён, каб выйсці за лінію фронту). Атрад 255‑ы дзейнічаў самастойна, у лютым 1943 г. уключаны ў партызанскую брыгаду 8‑ю Рагачоўскую. Разгорнуты ў полк з трох батальёнаў 1 лістапада 1943 г., першапачаткова заставаўся ў складзе брыгады, з 12 сакавіка 1944 г. у складзе Рагачоўскай ваенна-аператыўнай групы.

Партызаны атрада ў ліпені 1942 г. — жніўні 1943 г. самастойна і ў складзе 8‑й Рагачоўскай брыгады разграмілі каля 20 варожых апорных пунктаў, гарнізоны ў вёсках Гарадзец, Гадзілавічы, Фалевічы, Забалацце, Побалава Рагачоўскага раёна, Стары Крыўск (Стары Крывец) і Дзедлава Журавіцкага раёна, Струкі Буда-Кашалёўскага раёна. У кастрычніку 1942 г. у Буда-Кашалёўскім pаёне захапілі склад з боепрыпасамі, зброяй. Асноўныя ўдары наносілі на чыгуначных участках Быхаў — Жлобін, Жлобін — Бабруйск. У жніўні 1943 г. падарвалі больш за 1 тыс. рэек. У ліпені 1942 г., студзені, сакавіку, маі, ліпені, кастрычніку, лістападзе 1943 г., лютым і маі 1944 г. вялі баі з карнікамі.

Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант уключаў 3 батальёны, у якіх налічвалася 849 партызан.

Камандзір палка В. А. Мінайлаў; камісары: А. Н. Захарава, В. У. Паўлаў; начальнік штаба І. А. Ярымаў.

Партызану палка П. I. Кавалёву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У гонар стварэння Рагачоўскага партызанскага атрада каля пас. Дуброва (Дубрава) Рагачоўскага раёна ў 1966 г. пастаўлена стэла.