pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 8‑я РАГАЧОЎСКАЯ

Дата стварэння: 28.09.2023 16:32:49

Дата змены: 11.09.2024 15:07:20

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА    8‑я РАГАЧОЎСКАЯ

Памятная стэла ў гонар 8‑й Рагачоўскай партызанскай брыгады і Рагачоўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б каля вёскі Заазер’е Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да 8‑я Рагачо́ўская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Рагачоўскага, Журавіцкага, Жлобінскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў Гомельскай вобласці, Клічаўскага, Быхаўскага, Кіраўскага і Бярэзінскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Створана ў лютым 1943 г. загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра па ініцыятыве Рагачоўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б на базе атрадаў 255‑га, 256‑га і 257‑га. У сакавіку 1943 г. арганізаваны атрады 258‑ы і 259‑ы, у красавіку — Рагачоўскі спецатрад; атрад 256‑ы разгорнуты 11 сакавіка 1943 г. у партызанскую брыгаду 10‑ю Журавіцкую, атрад 255‑ы разгорнуты 1 лістапада 1943 г. у партызанскі полк 255‑ы, які ўваходзіў у склад брыгады.

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгуначных участках Быхаў — Жлобін (лінія Магілёў — Жлобін), Жлобін — Бабруйск (лінія Асіповічы — Жлобін). У сакавіку — красавіку 1943 г. пусцілі пад адхон 32 эшалоны праціўніка, падарвалі і пашкодзілі 7 мастоў, больш за 40 аўтамашын. У жніўні 1943 г. на ўчастку Жлобін — Бабруйск падарвалі 140 рэек, разбурылі стрэлачныя пераводы і пашкодзілі раз’езд Амельня; пазней на гэтым участку падарвалі больш за 1 тыс. рэек. Знішчылі дзясяткі варожых апорных пунктаў, у т. л. у вёсках Рэкта, Дзедлава, Гадзілавічы, Стралкі (Вялікія Стралкі), Побалава, Ціхінічы Рагачоўскага pаёна, напалі на гарнізон у в. Падсёлы Кіраўскага раёна. У лютым, маі, ліпені, кастрычніку — лістападзе 1943 г. вялі баі за ўтрыманне партызанскай зоны, за прарыў блакады і выхад з акружэння. У канцы лістапада 1943 г. у сувязі з вызваленнем Гомельскай вобласці брыгада перадыслацыравалася ў Клічаўскі раён. У лютым 1944 г. партызаны вялі баі з карнікамі.

Брыгада 12 сакавіка 1944 г. рэарганізавана ў Рагачоўскую ваенна-аператыўную групу (Рагачоўская ВАГ), якая дзейнічала ў заходніх раёнах Магілёўскай вобласці. На момант пераўтварэння уключала полк 255‑ы, атрады 257‑ы, 258‑ы, 259‑ы і Рагачоўскі спецатрад (пасля пераўтварэння брыгады ў Рагачоўскую ВАГ перайменаваны ў атрад 252‑і), налічвала больш за 2,2 тыс. партызан.

Камандзіры брыгады: Ф. С. Тарасевіч, В. В. Чысцякоў; камісары: А. А. Бірукоў, В. У. Паўлаў; начальнікі штаба: В. В. Чысцякоў, М. Ф. Рубіс.

У гонар 8‑й Рагачоўскай партызанскай брыгады і Рагачоўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б у лесе за 1 км на поўнач ад в. Заазер’е Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў 1964 г. пастаўлена стэла.