pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 10‑я ЖУРАВІЦКАЯ

Дата стварэння: 02.11.2023 16:37:38

Дата змены: 11.09.2024 15:07:20

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА   10‑я ЖУРАВІЦКАЯ

Памятная стэла на месцы дыслакацыі 10‑й Журавіцкай партызанскай брыгады і Журавіцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б у лесе каля вёскі Свержань Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да 10‑я Жура́віцкая

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Журавіцкага, Буда-Кашалёўскага, Кармянскага, Церахоўскага, Рагачоўскага, Жлобінскага і Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці.

Створана ў сакавіку 1943 г. загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра на базе вылучанага партызанскай брыгадай 8‑й Рагачоўскай атрада 256‑га (арганізаваны ў снежні 1942). Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрады 260‑ы, 261‑ы, 262‑і, атрады П. Я. Мацюшкова і П. П. Рымарава (перайменаваны 1 мая 1943 адпаведна ў 263‑і і 265‑ы) і ўключаны атрад 108‑ы (арганізаваны ў сакавіку 1943 з групы партызан, вылучаных атрадам 810‑м).

Брыгада з 6 красавіка 1943 г. уваходзіла ў склад Гомельскага партызанскага злучэння.

У красавіку 1943 г. арганізаваны атрад В. А. Трубачова (з 1 мая атрад 264‑ы), у маі — атрад 266‑ы. Атрадам, акрамя нумароў, 16 ліпеня былі прысвоены: 256‑му — імя І. В. Сталіна, 260‑му — імя М. І. Калініна, 261‑му — імя В. І. Чапаева, 262‑му — імя В. П. Чкалава, 263‑му — імя М. І. Кутузава, 264‑му — імя А. В. Суворава, 265‑му — імя К. Я. Варашылава, 266‑му — імя М. В. Фрунзэ, 108‑му — імя Р. І. Катоўскага. У жніўні арганізаваны атрад 267‑ы «За Радзіму», у верасні — атрад 268‑ы імя 25‑годдзя камсамола.

У жніўні 1943 г. з брыгады вылучаны для арганізацыі партызанскай брыгады 1‑й Буда-Кашалёўскай атрады 262‑і імя В. П. Чкалава, 263‑і імя М. І. Кутузава, 108‑ы імя Р. І. Катоўскага.

Партызаны разграмілі 11 варожых апорных пунктаў, знішчылі 95 аўтамашын, 3 склады. Захапілі 27 кулямётаў, 239 вінтовак і інш. У лютым і красавіку 1943 г. вялі баі з карнікамі, наносілі ўдары на чыгуначным участку Гомель — Жлобін. У чэрвені — жніўні 1943 г. правялі больш за 50 дыверсій па падрыве варожых эшалонаў. У аперацыі «Рэйкавая вайна» на ўчастку Салтанаўка — Шарыбаўка на лініі Гомель — Жлобін падарвалі каля 2 тыс. рэек. У кастрычніку 1943 г. каля в. Лазоўшчына Кармянскага раёна выбілі праціўніка з умацаваных пазіцый.

У верасні 1943 г. брыгада ўключала атрады 256‑ы імя І. В. Сталіна, 260‑ы імя М. І. Калініна, 261‑ы імя В. І. Чапаева, 264‑ы імя А. В. Суворава, 265‑ы імя К. Я. Варашылава, 266‑ы імя М. В. Фрунзэ, 267‑ы «За Радзіму», 268‑ы імя 25‑годдзя камсамола, у якіх налічвалася 2 811 партызан.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй паатрадна: 28 верасня (атрад 267‑ы), 2 кастрычніка (асноўныя сілы, камандаванне брыгады і ўсіх атрадаў), у снежні 1943 г., 24 лютага і 27 чэрвеня 1944 г. (асобныя групы).

Камандзіры брыгады: С. М. Белых (загінуў), I. М. Гаўрылаў; камісары: I. М. Дзікан, К. М. Драчоў; начальнік штаба П. К. Антонаў.

На месцы дыслакацыі 10‑й Журавіцкай партызанскай брыгады і Журавіцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б у лесе за 1,5 км на поўнач ад в. Свержань Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў 1964 г. пастаўлена памятная стэла.