pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 259‑ы

Дата стварэння: 15.03.2024 10:52:20

Дата змены: 21.07.2025 09:03:21


Партыза́нскi атра́д 259‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці, Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці і Крупскага раёна Мінскай вобласці.

Створаны ў сакавіку 1943 г. па ўказанні Рагачоўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б у складзе партызанскай брыгады 8‑й Рагачоўскай на базе дыверсійнай групы Ц. Т. Ціхамірава, якая па заданні Цэнтральнага камітэта КП(б)‌Б дзейнічала ў варожым тыле з лістапада 1942 г. У канцы лістапада 1943 г. перабазіраваўся з Рагачоўскага ў Клічаўскі раён. Атрад 12 сакавіка 1944 г. уключаны ў склад Рагачоўскай ваенна-аператыўнай групы.

Партызаны атрада вялі баі за расшырэнне партызанскай зоны, выхад з акружэння. У час «Рэйкавай вайны» ўзарвалі 279 рэек. У кастрычніку — снежні 1943 г. падарвалі 3 танкі, 33 аўтамашыны з жывой сілай і тэхнікай, 2 матацыклы, 4 масты, знішчылі каля 5 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі.

Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант у ім налічвалася 175 партызан.

Камандзіры атрада: Ц. Т. Ціхаміраў, М. П. Андрыянаў; камісар Ц. Т. Ціхаміраў (з красавіка 1943).